Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юрый Касабуцкі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
05.10.2016 14:16

У рэгуле францішканскага ордэна яго заснавальнік св. Францішак Асізскі дае параду, каб браты «перадусім прагнулі атрымаць Духа Пана». У дзень яго літургічнага ўспаміну 53 вернікі парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне атрымалі сакрамэнт канфірмацыі з рук дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага падчас урачыстай Імшы.

Кандыдаты былі старанна падрыхтаваны, удзельнічалі ў катэхетычных занятках і прыступілі да сакрамэнту пакаяння і паяднання.

У гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі звярнуў увагу на значэнне канфірмацыі — сакрамэнту хрысціянскай сталасці, у якім Бог дае чалавеку дары Духа Святога. Як адзначыў іерарх, гэтыя дары патрэбны хрысціяніну, каб адважна вызнаваць сваю веру і жыць паводле яе праўдаў.

«Прасіце Духа Святога аб ласцы і вернасці, каб трываць у веры і выконваць Божыя запаведзі», — заахвоціў іерарх тых, хто ў гэты дзень прыступіў да сакрамэнту.



Біскуп пажадаў, каб шчырая радасць напаўняла сэрца кожнага, хто атрымаў дары Духа Святога.

«Паводле прыкладу св. Францішка, бедняка з Асізі, не бойцеся прыкласці намаганні, каб аднавіць свае сэрцы. Калі мы адважымся на гэта, то Дух Святы адорыць нашыя сэрцы радасцю і супакоем, а перш за ўсё дасць неабходныя сілы для штодзённага вызнавання сваёй веры», — дадаў іерарх.

Біскуп папрасіў тых, хто прыняў гэты сакрамэнт, даваць сведчанне сваёй веры і браць прыклад са св. Францішка, заступніка парафіі. «Не бойцеся быць яго сведкамі ў свеце, якому моцна патрэбны сапраўдныя паслядоўнікі Хрыста, маладыя і адкрытыя на Бога, якія зменяць аблічча нашай зямлі», — сказаў іерарх.



На заканчэнне тыя, хто прыняў сакрамэнт хрысціянскай сталасці, выказалі ўдзячнасць усім, хто непасрэдна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы іх да гэтай падзеі. Яны падзякавалі біскупу, святарам, якія служаць у парафіі, манахіні, якая іх катэхізавала, сваім бацькам і сведкам канфірмацыі і паабяцалі, што будуць старацца кожны дзень ісці праз жыццё з Богам і жыць згодна з прынцыпамі Евангелля.

Паводле grodnensis.by

(AG)

Фота grodnensis.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.