Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ў 27-ы раз адкрыўся навучальны год
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
09.10.2016 14:50

8 кастрычніка ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася ўрачыстая інаўгурацыя новага навучальнага года. Установа прыняла навучэнцаў ужо ў 27-ы раз.

На інаўгурацыю прыбыло шмат гасцей. Прысутнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, выкладчыкі і выхавацелі, духавенства і сёстры законныя, свецкія супрацоўнікі семінарыі, а таксама рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Андрэй Рылка і віцэ-рэктар кс. Адам Дынак.

Удзельнікаў урачыстасці прывітаў рэктар семінарыі кс. др. Раман Рачко, які адзначыў, што інаўгурацыя новага 2016/2017 навучальнага года з'яўляецца вялікай падзеяй для ўсёй дыяцэзіі.

У сваім слове біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуў увагу на тое, што сучаснаму свету патрэбны сапраўдныя святары, цалкам прысвечаныя справе евангелізацыі. «Сёння мы дзякуем Езусу за ласку кожнага паклікання і просім, каб Ён узмацніў нашую веру і далей вёў за сабой тых, хто за Ім паследаваў», — адзначыў іерарх.



З інаўгурацыйным дакладам на тэму «Вяртанне рэлігіі, постсекулярызм і сучасныя праблемы хрысціянства» выступіў рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Андрэй Рылка.

Святар адзначыў, што сустрэча сучаснага чалавека з рэлігіяй з'яўляецца адметнай рысай нашага часу і што ўсё часцей можна заўважыць вяртанне рэлігіі ў розныя галіны грамадскага жыцця.

Ксёндз Андрэй Рылка таксама растлумачыў, чым з'яўляецца постсекулярызм. Святар адзначыў, што гэтае паняцце было ўведзена філосафам Юргенам Хабермасам пасля тэрарыстычных актаў у Нью-Ёрку ў 2011 годзе і што постсекулярызм — гэта галіна, якая займаецца даследваннем адносін паміж рэлігіяй і сучаснай філасофіяй, культурай і грамадствам.

Кажучы пра сучасныя выклікі для хрысціянства, святар заўважыў, што сёння яно мае два шляхі. Першы — гэта задавальненне прагненняў людзей, калі яны адчуваюць пагрозу. У такім выпадку рэлігія выконвае толькі ролю суцяшэння. Ксёндз Рылка дадаў, што гэты шлях з'яўляецца небяспечным, бо калі не будзе існаваць ніякай пагрозы, рэлігія апынецца непатрэбнай. Другі шлях, па словах святара, прапануюць хрысціянскія філосафы, паводле яго рэлігія адказвае на самыя глыбокія прагненні чалавека, і хрысціянства павінна ісці менавіта гэтай дарогай у напрамку трансцэндэнцыі.

Інаўгурацыя новага навучальнага года завяршылася святой Імшой у семінарыйнай капліцы.



Духоўная семінарыя ў Гродне была заснавана 1 верасня 1990 года біскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Размясцілася яна ў мурах былога кляштара айцоў бернардынаў, пабудаванага ў XVII стагоддзі і злучанага са святыняй Адшукання Святога Крыжа. Заступнікамі семінарыі абраны Найсвяцейшая Панна Марыя Беззаганна Зачатая, святы Міхал Арханёл і святы Юда Тадэвуш, Апостал. Будынак быў адаптаваны ў 1991 годзе дзякуючы намаганням біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, падтрымцы вернікаў Касцёла Беларусі і замежных ахвярадаўцаў, а таксама самаадданай працы навучэнцаў.

У памяшканні размясцілася семінарыйная капліца. Паддашша кляштара прыстасавана пад жыллё для навучэнцаў. Была пабудавана таксама сталовая. У 1997 г. адкрылася семінарыйная бібліятэка, якая забяспечвае навучэнцаў і выкладчыкаў неабходнымі навуковымі матэрыяламі, сёння яе кнігазбор налічвае больш за 35 тыс. тамоў і 80 найменняў часопісаў. Доступ да бібліятэкі маюць не толькі семінарысты, але і жыхары Гродна.

За гады існавання гродзенская семінарыя падрыхтавала больш за 150 святароў, якія вядуць душпастырскую дзейнасць у Беларусі, Украіне, Расіі і Казахстане.

На сённяшні дзень у гродзенскай Alma Mater 29 навучэнцаў, якія праз духоўную, інтэлектуальную і чалавечую фармацыю рыхтуюцца стаць святарамі. На першы курс сёлета залічана 4 чалавекі, у дзень інаўгурацыі навучальнага года яны атрымалі заліковыя кніжкі.

Паводле grodnensis.by

(AG)

Фота grodnensis.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.