Вернікі навагрудскай парафіі здзейснілі пілігрымку па святынях Гродзеншчыны |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
12.10.2016 11:18 |
7 кастрычніка група вернікаў з парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку на чале з пробашчам кс. Юрыем Жэгарыным здзейсніла пілігрымку па святынях Гродзенскай дыяцэзіі. Удзельнікі малітоўнага падарожжа, якіх было каля 50 чалавек, наведалі каля 20 святыняў, у ліку якіх касцёлы ў Ліпнішках, Геранёнах, Тракелях, Асаве, Радуні, Начы, Забалаці, Вавёрцы, Васілішках, Новым Двары, Парэччы, Капцёўцы, Адэльску і інш. У арганізацыі аўтобуснай пілігрымкі ўдзельнічалі практычна ўсе: хтосьці рыхтаваў гістарычную даведку на кожны касцёл, іншы рабіў мапу маршрута, а хтосьці — спеўнік пілігрыма.
«Мы самі былі арганізатарамі, экскурсаводамі і слухачамі, а ў вызначаны час ва ўсіх касцёлах нас ужо гасцінна чакалі, — дзеліцца ўспамінамі адна з удзельніц пілігрымкі Соф’я Байко. — Не было недахопу ў супольнай малітве — усё гэта надавала падарожжу духоўнае вымярэнне». «У большасці святынях мы былі ўпершыню, — працягвае Соф’я. — І засталіся прыемна ўражаны прыгажосцю, веліччу і гісторыяй гэтых касцёлаў. Сэрца радавалася ад той прыгажосці, а благаслаўленне святароў, з якімі мы сустракаліся, нас духоўна ўмацоўвала». З цеплынёй прыгадвае Соф’я прыпынак пілігрымаў у Парэччы, дзе група спынялася на начлег. «На пэўны час мы сталі адной сям’ёй, дзякуючы, між іншым, гасціннасці сем'яў, якія прынялі нас на начлег. Насамрэч нас прымалі нават не як пілігрымаў, а як самых вялікіх гасцей». «Сумеснае пілігрымаванне вельмі аб’ядноўвае. Мне здаецца, так адбываецца і з нашай парафіяй. Ва ўcім гэтым бачны Божы Провід, які дазволіў нам зладзіць ужо другую па ліку аўтобусную пілігрымку», — дадае парафіянка. |