13 кастрычніка ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы адбылося фацімскае набажэнства. Гэта было апошняе ў гэтым годзе з такіх набажэнстваў, якія праходзілі кожны 13-ы дзень месяца з мая па кастрычнік у знак памяці пра аб’яўленні Маці Божай у Фаціме.
Кожная такая служба мае адкупленчы характар і ўключае супольную малітву на ружанцы. Яна з’яўляецца адказам на заклік Маці Божай падчас аб’яўленняў у Фаціме да ружанцовай малітвы і здзяйснення пакаяння за грэшнікаў.
На малітве сабраліся шматлікія парафіяне. Набажэнства пачалося ружанцовай малітвай, падчас якой вернікі прасілі аб дапамозе ў вырашэнні ўсіх цяжкіх спраў у сваіх сем’ях і Касцёле. Урачыстую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
У гаміліі іерарх адзначыў, што Панна Марыя на працягу многіх гадоў апякуецца вернікамі гэтай парафіяльнай супольнасці. Біскуп падкрэсліў, што ў апошні час у Зарачанцы падчас фацімскіх набажэнстваў асаблівым чынам моляцца ў інтэнцыі супакою ў свеце і кожнай сям'і.
«Кожны чалавек патрабуе Божай міласэрнасці, якая сыходзіць на нас праз Марыю — Міласэрную Маці, гатовую прыйсці з дапамогай у кожнай патрэбе», — сказаў біскуп.
Іерарх заахвоціў усіх будаваць супакой, так неабходны свету. „Сённяшні свет мае патрэбу ў тым, каб нанова адчуць дотык Божага Провіду», — дадаў біскуп.
Іерарх звярнуўся да вернікаў з просьбай, каб ружанцовая малітва, аб якой прасіла Фацімская Пані, стала любімай малітвай кожнага чалавека, бо «ў ёй тоіцца вялікая моц». Таксама біскуп падзякаваў пробашчу парафіі кс. Віктару Мыслюку і вернікам за распаўсюджванне культу Маці Божай Фацімскайі і за малітвы ў інтэнцыях Святога Айца Францішка, сваіх біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў, аб супакоі ў свеце, духу пакаяння і ўзаемнага прабачэння.
Урачыстасць завяршылася працэсіяй з фігурай Маці Божай Фацімскай вакол касцёла.
Паводле grodnensis.by
(AG) Фота grodnensis.by
|