У Дзятлаве прайшло свята салезіянаў-супрацоўнікаў |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
17.10.2016 10:23 |
15 кастрычніка ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве адбылася ўрачыстасць, прысвечаная салезіянам-супрацоўнікам, якія належаць да рэлігійнай каталіцкай місіі св. Францішка Сальскага. Нябесным заступнікам урачыстасці стала благаслаўлёная Александрына Марыя да Коста, якая падчас зямнога жыцця таксама была салезіянкай-супрацоўніцай. На свята прыехалі святары салезіяне і сёстры салезіянкі, а таксама салезіянскія супрацоўнікі, аніматары і вернікі з Мінска, Смаргоні і Бараўлянаў. Салезіяне-супрацоўнікі — гэта свецкія людзі, якія дзейнічаюць на карысць Касцёла і грамадства, распаўсюджваючы салезіянскія каштоўнасці ў сваім асяроддзі. На ўрачыстасці прысутнічаў рэгіянальны настаяцель рэлігійнай каталіцкай місіі св. Францішка Сальскага ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB.
Як адзначыў святар, бл. Александрына Марыя да Коста моцна любіла салезіянскую супольнасць і, кіруючыся сваім пакліканнем, імкнулася ахвяроўваць свае пакуты дзеля збаўлення моладзі! «Я люблю салезіянскую кангрэгацыю. ...І ніколі пра яе не забуду — ні на зямлі, ні ў небе», — казала яна пры жыцці. Ганаровым госцем свята стаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерарх узначаліў урачыстую святую Імшу, якая была ахвяравана за ўсю салезіянскую сям’ю, а асабліва за салезіян-супрацоўнікаў у Беларусі. «Прыклад самаахвярнага жыцця благаслаўлёнай Александрыны заклікае ўсіх нас стаць сапраўднымі сведкамі Бога ў сучасным свеце, — адзначыў іерарх, падкрэсліўшы, што не толькі біскупы, святары і сёстры законныя павінны паказваць свету святасць, але і свецкія вернікі. — Усё астатняе нам можа даць свет. Святасці і духоўнасці свет нам сёння даць не можа». «Не дастаткова толькі вызнаваць, што мы духоўныя асобы, вернікі Каталіцкага Касцёла. Сёння сваю прыналежнасць да Касцёла мы павінны сведчыць як знешняй, так і ўнутранай паставай», — дадаў біскуп. Падчас літургіі салезіяне-супрацоўнікі аднавілі свае абяцанні: быць верным вучнем Хрыста ў Каталіцкім Касцёле; працаваць, асабліва клапоцячыся пра развіццё і збаўленне моладзі; узрастаць у салезіянскім духу і сведчыць яго; у адзінстве Салезіянскай сям’і супрацоўнічаць з апостальскай дзейнасцю мясцовага Касцёла. Пасля святой Імшы адбылося ўшанаванне рэліквій бл. Александрыны Марыі да Коста. Завяршылася ўрачыстасць святочным канцэртам, які падрыхтавалі салезіяне-супрацоўнікі.
Александрына Марыя да Коста нарадзілася 30 сакавіка 1904 года ў Балазары (Партугалія) у хрысціянскай сям’і. Калі ёй было 14 гадоў, яе спрабавалі згвалціць. Абараняючыся, яна выскачыла ў сад з акна свайго дома, у выніку чаго атрымала траўму. Праз 5 гадоў пасля гэтага Александрыну цалкам паралізавала. Усё астатняе жыццё, а гэта больш за 30 гадоў, яна правяла ў ложку. На працягу чатырох гадоў, нягледзячы на параліч, кожную пятніцу яна падымалася з ложка і перажывала Мукі Хрыстовыя. У цэлым гэта паўтаралася 182 разы. Пакуты доўжыліся па тры гадзіны. З 27 сакавіка 1942 года і да самай смерці — на працягу 13 гадоў і 7 месяцаў — Александрына не спажывала ніякай ежы і напояў, акрамя Святой Эўхарыстыі. Александрына была вялікім містыкам. У пастаяннай еднасці з Езусам, прысутным у табэрнакулюмах па ўсім свеце, яна рэгулярна адчувала экстаз і атрымлівала візіі ад Бога. Тысячы людзей прыходзілі да яе, каб слухаць яе словы. Яна памерла 13 кастрычніка 1955 года ў Балазары, дзе і была пахавана. У гэтае месца прыязджае мноства пілігрымаў. |