Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Малітва ў інтэнцыі медыкаў адбылася ў гродзенскай катэдры
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
19.10.2016 14:16

18 кастрычніка ў гродзенскай катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя прайшла святая Імша ў інтэнцыі медыкаў Гродзеншчыны. Ужо стала традыцыяй, што ў дзень літургічнага ўспаміну св. Лукі, апекуна ўсіх медыкаў, працаўнікі медыцынскіх устаноў Гродна збіраюцца на супольнай малітве.

Імшу ў інтэнцыі ўрачоў, медсясцёр і ўсіх працаўнікоў медустаноў узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У гаміліі іерарх падкрэсліў важную ролю прадстаўнікоў гэтай прафесіі ў абвяшчэнні Евангелля там, куды святар альбо іншы вернік дайсці не можа. «Езус прагне, каб вы былі сведкамі Ягонай любові сярод хворых і церпячых, вы, якія верыце, разумееце і спазнаеце міласэрнасць, вы, якія маеце адпаведную медыцынскую кваліфікацыю і вялікае сэрца», — сказаў біскуп.



Іерарх заахвоціў усіх, хто звязаны з медыцынай і служэннем хворым, «даваць сведчанне Божай любові, углядацца ў Езуса Хрыста, самага ўважлівага Лекара, Крыніцу жыцця, асаблівага Апекуна чалавека». Біскуп дадаў, што трэба пераймаць Езуса ў далікатным стаўленні да хворых і інвалідаў.

Ксёндз Віталь Сідорка, капелан гродзенскага душпастырства службы аховы здароўя імя свв. Космы і Дам’яна, падзякаваў прысутным за дар супольнай малітвы праз заступніцтва св. Лукі, які апякуецца службай здароўя, і заахвоціў далучыцца да душпастырства, якое ў Гродне дзейнічае ўжо на працягу амаль 10 гадоў.



Пасля Імшы адбылася сустрэча біскупа Юзафа Станеўскага з персаналам медыцынскіх устаноў. Іерарх падзякаваў усім супрацоўнікам службы аховы здароўя за ахвярнае служэнне, якое яны нясуць сярод хворых у розных шпіталях і месцах пражывання пажылых і самотных людзей, пажадаў, каб гэтую штодзённую паслугу яны выконвалі заўсёды з вялікай радасцю і каб янa прыносіла добрыя плёны.

Паводле grodnensis.by

(AG)

Фота grodnensis.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.