Ва ўспамін св. Лукі ў лідскай бальніцы памаліліся за медыкаў |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
19.10.2016 15:22 |
18 кастрычніка, у дзень успаміну св. Евангеліста Лукі, капелан лідскай бальніцы кс. Юрый Бяганскі ад імя ўсіх пацыентаў скіраваў да мясцовых медыкаў віншаванні і словы падзякі. У гэты ж дзень у шпітальнай капліцы — месцы штодзённай малітвы за медыкаў — цэлебравалася літургія, якую ўзначаліў віцэ-канцлер курыі Гродзенскай дыяцэзіі кс. Антоні Грэмза. Успамін святога Лукі, апекуна службы здароўя, з’яўляецца днём усіх, хто звязаў сваё жыццёвае пакліканне, сваю прафесію з чалавечым цярпеннем. Медыкі, як адзначае капелан лідскай бальніцы, з’яўляюцца сведкамі бескарыснай любові і ахвярнасці. «Супрацоўнікі службы здароўя змагаюцца сёння са шматлікімі цяжкасцямі. Запазычанасці бальніц, закрыццё нерэнтабельных аддзяленняў, адсоўванне на задні план маральна-этычнага аспекту ў медыцынскай практыцы — гэта толькі некаторыя праблемы, якія абцяжарваюць штодзённую працу, выклікаюць неспакой і недахоп пачуцця стабільнасці. Як людзі веруючыя ў Бога, мы не губляем надзеі, бо ў Ім набывае сэнс кожнае нашае дзеянне і ад Яго мы чэрпаем сілы для выканання штодзённых заданняў з любоўю і поўным удзелам. Важна, каб мы — як заахвочвае нас Бэнэдыкт XVI у апостальскім лісце Porta fidei, — сваім жыццём сведчылі, што ў Езусе Хрысце “набывае сэнс кожная пакута і смутак людскога сэрца”. Ніхто лепш за вас не ведае, што гэтага сведчання патрабуюць асабліва церпячыя людзі і іх блізкія», — падкрэсліў кс. Юрый Бяганскі. У віншаванні капелан адзначае, што «ратаванне жыцця іншаму чалавеку з’яўляецца гонарам і абавязкам, а людзі, якія бяруцца за гэтую місію, заслугоўваюць найвышэйшага прызнання». Святар ад імя ўсіх хворых падзякаваў медыкам за час, прысвечаны хворым, за кожную зычлівую размову, за пашану і цярплівасць. «Жадаю вам, дарагія супрацоўнікі службы здароўя, каб ваша праца вучыла сённяшні свет і сучасную медыцыну, што чалавек, які створаны на вобраз і падабенства самога Бога, з’яўляецца каштоўным дарам. Жадаю таксама, каб гатоўнасць, а таксама радасць ад нясення дапамогі церпячаму сталі крыніцай паклікання, якое вы рэалізуеце», — адзначае кс. Юрый Бяганскі ў віншаванні. (VGr) |