Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасля рэстаўрацыі ў лямусе пабрыгіцкага кляштара адкрыецца музей Гродзенскай дыяцэзіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
26.10.2016 11:57

Курыраваць рэстаўрацыю самай старой драўлянай пабудовы на тэрыторыі Беларусі будзе Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. У адрэстаўраваным будынку змесціцца музей Гродзенскай дыяцэзіі.

Пра гэта паведамляе каталіцкай газета Гродзенскай дыяцэзіі «Слова жыцця».

У лямусе будзе ўмацаваны падмурак, будуць прыбраны печкі і ўнутраныя перагародкі (яны не з’яўляюцца аўтэнтычнымі), а таксама адрамантавана страха з дранкі.

У адноўленым будынку адкрыецца музей Гродзенскай дыяцэзіі, дзе будуць прадстаўлены кнігі, алтарныя абразы, гістарычныя абразы, фотаздымкі і дакументы.
Фонды дыяцэзіяльнага музея будуць размешчаны ў будынку пабрыгіцкага кляштара. Там жа створаць інтэрактыўную канферэнц-залу на 100 чалавек.

Што такое лямус?

Лямус — назва двухпавярховай, а часам адна- або трохпавярховай гаспадарчай пабудовы. Гэты від гаспадарчай пабудовы звычайны выкарыстоўваўся для захоўвання прадуктаў, адзення, зерня, сельскагаспадарчых прыладаў і інш.

Такі від гаспадарчай пабудовы быў распаўсюджаны ў гарадах і сядзібах Заходняй Беларусі, Польшчы і Літвы.

Чаму праект падтрымлівае Міністэрства культуры Польшчы?

Як адзначыў у каментарыі «Слова жыцця» рэктар пабрыгіцкага касцёла кс. Антоній Грэмза, кіраўніцтва Гродзенскай дыяцэзіі, выказаўшы зацікаўленасць у аднаўленні гэтага помніка архітэктуры, звярнулася з хадайніцтвам аб рэстаўрацыі ў Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, дзе пагадзіліся падтрымаць рэалізацыю праекта.

Праект быў узгоднены з Міністэрствам культуры Беларусі і цяпер чакае распачацця рэстаўрацыі. Працы будуць ажыццяўляцца па распрацаванай навукова-праектнай дакументацыі, зацверджанай у міністэрствах абедзвюх краін.



«На аб’екце будуць праводзіцца менавіта рэстаўрацыйныя працы, іх не варта блытаць з рэканструкцыяй», — прызнаецца кіраўнік эканамічна-будаўнічага аддзела Гродзенскай дыяцэзіі і адказны за рэстаўрацыю лямуса кс. Аляксандр Сасноўскі.

Паводле слоў святара, лямус уключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі з нулявой катэгорыяй (г.зн. праект уключаны або прапанаваны да ўнясення ў спіс сусветнай спадчыны), таму асноўная задача заключана ў захаванні аўтэнтычнасці будынка.

Гісторыя лямуса

Афіцыйна драўляны лямус, размешчаны на тэрыторыі комплекса пабрыгіцкага кляштара ў Гродне, уяўляе сабой двухпавярховы будынак з балюстрадай і арачнымі галерэямі на галоўным фасадзе.

Верагодней за ўсё ён быў пабудаваны ў другой палове XVIII ст. на бутавым падмурку ў традыцыях беларускага народнага дойлідства — з масіўных брусоў без выкарыстання металічных цвікоў.
Лямус належаў сёстрам брыгіткам да 1950 года, пасля чаго быў зачынены і разам з іншымі пабудовамі на тэрыторыі кляштара брыгітак перададзены ў карыстанне псіханеўралагічнаму дыспансеру. Касцёл вярнуў сабе гэты будынак у 2003 годзе.

Паводле «Слова Жыцця» за 23 кастрычніка 2016 года,
Фота Віталія Палінеўскага

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.