Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сустрэча членаў ружанцовага малітоўнага руху Гродзенскай дыяцэзіі прайшла ў Капцёўцы
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
30.10.2016 21:45

29 кастрычніка ў санктуарыі Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы адбылася сустрэча членаў Колаў Жывога Ружанца Гродзенскай дыяцэзіі. У сустрэчы прынялі ўдзел святары, законныя сёстры, адказныя і ўдзельнікі гэтага малітоўнага руху з розных месцаў дыяцэзіі.

Сустрэча была арганізавана кс. Міхалам Ластоўскім, дыяцэзіяльным мадэратарам супольнасці Жывога Ружанца і кусташам санктуарыя ў Капцёўцы. Таксама Капцёўка была абрана месцам правядзення сустрэчы з той прычыны, што ў апошні час да Маці Божай Яснагорскай прыходзіць шмат пілігрымаў, якія жадаюць даверыць сваё жыццё мацярынскай апецы Панны Марыі.

Ружанец спрыяе ўзрастанню веры

У гэты дзень асаблівае месца было ўдзелена ружанцовай малітве, якая прамаўлялася перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Удзельнікі сустрэчы маліліся ў інтэнцыі сем’яў дыяцэзіі, просячы, каб кожная сям’я была хатнім Касцёлам і выхоўвала ў веры наступныя пакаленні.

З канферэнцыяй у межах сустрэчы выступіў кс. Антоні Грэмза, віцэ-канцлер курыі Гродзенскай дыяцэзіі, які распавёў прысутным аб пачатках узнікнення ружанцовай малітвы. Святар адзначыў, што разважанне над падзеямі, пра якія ідзе гаворка ў таямніцах Ружанца, вядзе да паглыблення веры. «Калі Маці Божая просіць нас маліцца Ружанцам, Яна просіць нас пазнаць таямніцу нашай веры і жыць паводле гэтай таямніцы», — дадаў кс. Грэмза.

Святар адзначыў, што сёння шматлікія людзі не ўяўляюць свайго жыцця без ружанцовай малітвы. «Аднак трэба памятаць, што сутнасць Ружанца — гэта не працягласць малітвы, але разважанне ў сэрцы над тым, што здзейсніў Бог і што Ён працягвае здзяйсняць», — падкрэсліў кс. Антоні Грэмза.



Ружанец змяняе і ўзбагачае жыццё

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які ў гаміліі скіраваў да ўсіх членаў ружанцовага малітоўнага руху словы глыбокай удзячнасці за веру, любоў да Маці Божай, сведчанне, якое яны пакідаюць, штодзённа молячыся на ружанцы. «Праз гэтую цудоўную малітву, якая з'яўляецца духоўным рытмам вашых сэрцаў, вы будуеце магутную падтрымку для вашых сем'яў, нашай дыяцэзіі і ўсяго Касцёла», — дадаў іерарх.

Біскуп адзначыў, што Бог сам ведае, колькі ласкаў атрымаў свет дзякуючы людзям, якія ахвяруюць свой час і намаганні ў ружанцовай малітве.

Кажучы пра тое, чым з'яўляецца ружанцовая малітва, гродзенскі ардынарый звярнуў увагу, што яна адлюстроўвае лад жыцця чалавека. «У жыцці кожнага з нас таксама пераплятаюцца рoзныя таямніцы: і радасныя, і балесныя, і такія, якія асвячаюць наш шлях Божым святлом і нагадваюць нам, што праз цяжкасці і выпрабаванні мы імкнемся да нябеснай хвалы», — сказаў іерарх.



Біскуп прасіў удзельнікаў руху, каб любоў да Ружанца яны перадалі маладому пакаленню, якое з'яўляецца будучыняй Касцёла, яго заўтрашнім днём.

«Распавядайце дзецям і ўнукам, якім прыгожым з'яўляецца Ружанец, як моцна змянілася і ўзбагацілася вашае жыццё, як шмат Божых ласк вы атрымалі дзякуючы гэтай малітве», — дадаў біскуп.

На заканчэнне мадэратар супольнасці Жывога Ружанца кс. Міхал Ластоўскі падзякаваў удзельнікам гэтай сустрэчы, падкрэсліваючы, што ружанцовая малітва аб'ядноўвае ўсіх у адзіную сям'ю Божых дзяцей, якія лічаць Марыю сваёй Маці. «Аб'ядноўвае вас у гэтую сям'ю вера, любоў да Бога і Найсвяцейшая Маці, вернасць Касцёлу, які вы падтрымліваеце, ахвяруючы вашую малітву ў розных патрэбах і інтэнцыях», — дадаў святар.

Сустрэча членаў ружанцовага малітоўнага руху Гродзенскай дыяцэзіі, у якой удзельнічала больш за 300 чалавек, скончылася супольным абедам, якія традыцыйна прыгатавалі гасцінныя жыхары Капцёўкі.

Паводле grodnensis.by

(AG)

Фота grodnensis.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.