Малітвай у Тракелях распачалі свае канікулы міністранты з гродзенскай парафіі Святога Духа |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
31.10.2016 11:10 |
Першы дзень восеньскіх канікул міністранты з гродзенскай парафіі Святога Духа правялі ў санктуарыі Маці Божай у Тракелях, дзе для іх быў арганізаваны дзень засяроджання. Адарвацца ад штодзённых абавязкаў, ад прывычных рэчаў і блізкіх людзей, паехаць у месца, далёкае ад роднага дому, памаліцца ў святым месцы, пабегаць на чыстым паветры, прыгатаваць сабе ежу і г.д. — гэта была сапраўдная прыгода для юнакоў. Выкананне прызначаных для кожнага з іх абавязкаў было невялікім выпрабаваннем, з якім усе добра справіліся. Адразу па прыездзе ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасць памаліцца на святой Імшы каля абраза Маці Божай Тракельскай і перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам, пасля чаго размясціліся ў доме пілігрыма і разам прыгатавалі вячэру. Адзін з міністрантаў Цімур, чысціўшы цыбулю, крыху параніў палец, але распавёў гісторыю, што змагаўся з мышамі, быў паранены і ледзьве ўцёк. Пасля вячэры кожны мог прадэманстраваць свае спартыўныя здольнасці і паглядзець вясёлы дзіцячы фільм, пазнаючы ў героях сябе. Скончыўся дзень малітвай.
Другі дзень распачаўся ранішняй малітвай і разважаннем над Божым словам. Пасля быў сняданак, які ўдзельнікі таксама прыгатавалі сваімі сіламі. Час да абеду быў запоўнены гульнямі і рознымі заняткамі. Пасля абеду адбылася святая Імша з лекцыяй на тэму «Выбар у хрысціянскім жыцці» і невялікая экскурсія па старажытным касцёле св. Казіміра ў Ліпнішках. Таксама была магчымасць увайсці ў крыпту Умястоўскіх у Суботніках і наведаць касцёл св. Мікалая ў Геранёнах. |
Фотарэпартаж |