3 лістапада ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя адбылася святая Імша ў інтэнцыі ўсіх памерлых святароў, якія неслі служэнне ў дыяцэзіі. Узначаліў Эўхарыстыю біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У гэты дзень у катэдральнай святыні спачылых святароў упершыню асаблівым чынам ушанаваў Гродзенскі капітул.
Гамілію прамовіў пробашч парафіі ксёндз канонік Ян Кучынскі.
«З людзей узятыя і да людзей пасланыя. Сёння мы ўзносім свае малітвы ў інтэнцыі памерлых святароў нашых парафій. На працягу свайго жыцця яны верна служылі нам, прыкладалі шматлікія намаганні для развіцця маладой дыяцэзіі. Але трэба памятаць, што святар, як і кожны чалавек, таксама не без граху, і яму патрабуецца наша малітоўная падтрымка, каб мець магчымасць прабываць у Валадарстве Нябесным», — сказаў пробашч.
Ксёндз Ян Кучынскі нагадаў, што ў гэты дзень, як і ў кожны першы чацвер месяца, варта маліцца ў інтэнцыі новых пакліканняў да святарства і манаскага жыцця.
На заканчэнне біскуп Аляксандр Кашкевіч заклікаў вернікаў памятаць у сваіх малітвах пра спачылых не толькі падчас актавы ўспаміну ўсіх памерлых, але і штодзень.
Божа, Ты паклікаў святароў да сваёй службы і ўчыніў іх пастырамі нашых душаў. Аддаю Табе ў апеку ўсіх памерлых святароў, якія пры жыцці вялі мяне да Цябе. Выслухай маю малітву і дай ім шчасце ў небе разам з усімі Апосталамі. Амэн.
Паводле А. Марцішэўскай, grodnensis.by
(AG) Фота grodnensis.by
|