У Адамавічах прайшлі рэкалекцыі для дзяўчат, арганізаваныя сёстрамі кармэлітанкамі |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
08.11.2016 12:16 |
З 3 па 5 лістапада пры парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў
Адамавічах адбыліся рэкалекцыі для дзяўчат, арганізаваныя сёстрамі
кармэлітанкамі, якія нясуць служэнне пры парафіі. Удзельніцы рэкалекцый мелі магчымасць больш блізка пазнаць Бога і засяродзіцца на сваім духоўным жыцці і ўзаемаадносінах з Ім. Кожны дзень пачынаўся і заканчваўся супольнай малітвай падзякі.
Разважаючы над тэкстамі Евангелля, можна было пазнаць Езуса як добрага Пастыра, Які заўсёды шукае сваіх «авечак», а для гэтага пасылае на іх шляху розных людзей і жыццёвыя сітуацыі. Удзельніцы духоўных разважанняў маглі задаць сабе пытанні: «Як мы губляемся ў сваім жыцці?», «Як Езус нас знаходзіць?», «Каго я выбіраю: Бога ці мамону?», «Што для мяне з’яўляецца мамонай?» — разважаючы над імі падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, а таксама прыступіць да сакрамэнту пакаяння.
Напрыканцы рэкалекцый удзельнікі збіраліся ў «новае падарожжа», узмоцненыя Божым Словам, каб несці Хрыста ўсім, з кім вучымся і сустракаемся штодня. |