Дыякан Дзяніс Бразінскі стаў новапрэзбітэрам (абноўлена) |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
13.11.2016 15:42 |
12 лістапада вернікі парафіі Св. Міхала Арханёлa ў Смаргоні сталі сведкамі гістарычнай падзеі ў жыцці мясцовага Касцёла. Дыякан Дзяніс Бразінскі з рук дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Да найважнешнага моманту свайго жыцця кандыдат да святарства рыхтаваўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, а таксама падчас душпастырскіх практык у Лідзе і Магілёве. Падчас свайго пастырскага настаўлення да кандыдата, біскуп Аляксандр падкрэсліў, наколькі важна заўсёды памятаць пра тое, што Бог абірае чалавека для пэўнай місіі і благаслаўляе на асаблівы жыццёвы шлях яшчэ ва ўлонні маці. «Пазыч Езусу свае вусны для абвяшчэння Евангелля» Іерарх таксама узгадаў, што дарога да святасці, якую выбраў новапрэзбітэр, будзе напаўняць яго сэрца ні з чым непараўнальнай радасцю, але не заўсёды будзе лёгкай і бесклапотнай, а, хутчэй за ўсё, будзе напоўнена шматлікімі супрацівамі і выпрабаваннямі. У сваёй прамове біскуп запэўніў дыякана ў нястомнай айцоўскай падтрымцы са свайго боку, а таксама ўсёй салезіянскай сям’і ў Беларусі, што адыграла значную ролю ў фармацыі будучага святара.
«Дай Езусу свае рукі і сэрца, пазыч Яму свае вусны для абвяшчэння Евангелля тым, хто яшчэ Яго не ведае і якое прыносіць “вясну” духоўнага аднаўлення», — такімі кранальнымі словамі скончыў сваё, поўнае Божым натхненнем і бацькоўскай любоўю, настаўленне біскуп Аляксандр. У знак выключнага прысвячэння сябе Богу, укленчыўшы і ўслухоўваючыся ў словы малітвы біскупа, дыякан Дзяніс выказаў рашучы намер мужна выконваць абавязак святарства, каб быць руплівым супрацоўнікам біскупаў у кіраванні Божым Народам з дапамогай Святога Духа.
Пасля ўскладання літургічнага адзення, якое сімвалізуе годнасць і духоўную ўладу святара, а таксама прыемны цяжар Божай службы, новапрэзбітэр прыняў удзел у цэлебрацыі літургіі.
Напрыканцы супольнай Эўхарыстыі ксёндз Дзяніс падзякаваў усім прысутным, сям’і, святарам, клерыкам, сёстрам, парафіянам за тое, што раздзялілі з ім найпрыгажэйшы момант у яго жыцці, падтрымліваючы яго на шляху да святарства. Чытайце таксама: |
Фотарэпартаж |