Новапрэзбітэр Дзяніс Бразінскі цэлебраваў прыміцыйную Імшу ў смаргонскай парафіі (+фота) |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
16.11.2016 11:32 |
13 лістапада ў парафіі Св. Міхала Арханёлa ў Смаргоні новапрэзбітэр Дзяніс Бразінскі цэлебраваў прыміцыйную святую Імшу. Прэзбітэрскае пасвячэнне кс. Дзяніс Бразінскі атрымаў 12 лістапада з рук дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB у гэтай жа парафіі.
Маладога святара прывітаў пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі SDB, які выказаў шчырыя словы радасці ад імя ўсіх вернікаў. Шматлікія госці з розных куткоў краіны, родныя, настаўнікі, сябры, семінарысты, сёстры законныя, моладзь прыехалі, каб раздзяліць з новапрэзбітэрам гэты важны ў яго жыцці момант. Словы айцоўскага настаўлення ў гэты дзень скіраваў да маладога святара кс. д-р Мікалай Ціхановіч. Чырвонай ніткай праз іх праходзіла думка аб невычэрпнай таямніцы святарства. Ксёндз Мікалай Ціхановіч заахвоціў новапрэзбітэра пачынаць місію свайго святарскага служэння перш за ўсё з будавання глыбокіх асабістых узаемаадносін з Хрыстом, якія стануць у будучыні жывым сведчаннем няспыннай Божай прысутнасці ў жыцці кожнага чалавека.
Невыказна кранальнымі сталі хвіліны ўдзялення новапрэзбітарам святой Камуніі і прыміцыйнага благаслаўлення, найперш маці, а потым усім астатнім удзельнікам гэтай літургіі. Яўген Амасёнак (AG) |
Фотарэпартаж |