Сустрэча святароў Гродзенскай дыяцэзіі: Божая міласэрнасць — найважнейшы змест Добрай Навіны |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
22.11.2016 11:43 |
21 лістапада святары, якія нясуць служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі, сабраліся на пастырскай сустрэчы ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. У межах сустрэчы адбылася святая Імша ў семінарыйнай капліцы, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У Імшы ўдзельнічаў таксама дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў, што гэтая святарская сустрэча мае асаблівае значэнне, бо перажываецца ў кантэксце Надзвычайнага Года Міласэрнасці, які толькі завяршыўся, а таксама ўрачыстасці Маці Міласэрнасці, Апякункі Касцёла на Гродзеншчыне, якая адзначалася 16 лістапада.
«Перакананы, што кожны з нас, святароў, адчуў, якім важным, патрэбным і плённым быў гэты год, — сапраўдны час ласкі для нас саміх і для нашых вернікаў», — дадаў іерарх. Езус Хрыстус, як падкрэсліў іеарарх, не толькі паказвае бясконцую міласэрнасць Айца, але і з’яўляецца «ўвасабленнем Божай міласэрнасці». Біскуп заклікаў прысутных абвяшчаць праўду аб Божай міласэрнасці не толькі словамі, але найперш учынкамі: «Не будзем забываць, што праўда аб Божай міласэрнасці — найважнейшы змест Добрай Навіны, якую мы павінны абвяшчаць як святары». «Няхай у нашых словах, у адносінах з вернікамі, з кожным чалавекам будзе як мага больш дабрыні, разумення, павагі, лагоднасці і пакоры», — пажадаў біскуп. Паводле grodnensis.by |
Фотарэпартаж |