Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Слоніме адзначылі парафіяльную ўрачыстасць
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
29.11.2016 12:00

27 лістапада ў парафіі Святога Андрэя ў Слоніме прайшоў парафіяльны адпуст. Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Канцэлебравалі літургію пробашч парафіі а. Віталій Юркевіч, ксёндз дэкан Ігар Анісімаў, а. Вітальд Жэльветра, кс. Андрэй Пышыньскі і а. Юрый Катовіч. На святой Імшы прысутнічаў таксама старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі.

Свята святога Андрэя ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 30 лістапада, аднак парафіяльная супольнасць перанесла адпустовую ўрачыстасць на нядзелю.

Падчас Імшы біскуп звярнуў увагу прысутных на постаць апекуна слонімскай парафіі — святога Андрэя, брата Сымона-Пятра. Згодна з Евангеллем паводле Яна, Андрэй спачатку належаў да супольнасці вучняў св. Яна Хрысціцеля, а потым па парадзе свайго настаўніка пайшоў за Езусам, узяўшы з сабою брата. Такім чынам Андрэй стаў першым вучнем Хрыста.

30 лістапада 60 г. у грэчаскім горадзе Патрасе ён прыняў мучаніцкую смерць праз укрыжаванне: апостал быў прыбіты да крыжа ў форме літары «Х», які пазней стаў называцца крыжом святога Андрэя.

Свята св. Андрэя, як было згадана, з’яўляецца важнай датай у народным календары, з якой звязана шмат традыцый (напр., «Андрэйкі»). Святы з’яўляецца апекуном рыбакоў, плыўцоў, добрага сужэнства і дзяцей. Яго заступніцтва просяць ад артрыту і сутаргаў.


З гісторыі парафіі

Парафія ў Слоніме мае даўнюю гісторыю, пазначаную, як і ў многіх іншых парафій у Беларусі, трагічнымі старонкамі. Сённяшні Андрэеўскі касцёл — помнік архітэктуры позняга барока, пабудаваны з цэглы ў 1775 годзе. Першапачаткова на яго месцы быў драўляны касцёл, заснаваны каля 1490 года па фундацыі караля Казіміра IV Ягелончыка.

Новы будынак касцёла быў узведзены ў 1595 годзе канцлерам Львом Сапегам, але ў 1660 годзе ізноў перабудаваны — святыні былі нададзены рысы барока. Інтэр’ер касцёла быў багата ўпрыгожаны ў стылі ракако. Падчас Першай сусветнай вайны касцёл быў моцна пашкоджаны, а пасля яе заканчэння ізноў адноўлены.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны касцёл св. Андрэя пэўны час не дзейнічаў. Толькі ў 1990-я гады святыня была адрэстаўравана і перададзена вернікам. Касцёл парафіяне аднаўлялі сваімі сіламі. Цяпер касцёл святога Андрэя — адзін з прыгажэйшых храмаў Слонімшчыны.

Карына Багдановіч
(VGr)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.