Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі абдумвае стварэнне ўласнага сайта для кніжных замоў
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
02.12.2016 15:32

277 выданняў пабачыла свет у выдавецтве Гродзенскай дыяцэзіі з моманту яе заснавання ў 1994 годзе. Пра гэта беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё распавёў яе дырэктар кс. Тадэвуш Крыштопік.

Кнігі па катэхетыцы, душпастырству, малітоўнікі, рэлігійная літаратура... Асобныя кнігі перавыдаюцца не адзін раз, як у выпадку з катэхізісам для дарослых «Ці верыш ты ў Сына Божага?», які перавыдаваўся ўжо пяць разоў.

«Стараемся друкаваць на трох мовах — на беларускай, польскай і рускай. Малітоўнікі друкуюцца на трох мовах, кнігі для разважанняў і для адарацыі — на беларускай мове, а кнігі аб’ёмныя, якія патрабуюць даўжэйшага дыялогу з чытачом, стараемся друкаваць на рускай мове, бо яна больш ужываецца сярод нашых вернікаў», — патлумачыў дырэктар выдавецтва.

ТОП-5 кніг, якія карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў выдавецтве Гродзенскай дыяцэзіі:

  • Лары Рычардс «Будзь мужчынам»
  • Тамаш Кемпійскі «Аб наследаванні Хрыста»
  • Вільгельм Хюнерман «Перамоглы д’ябла»
  • Малітоўнік для мужчын, выдадзены на трох мовах
  • Малітоўнік «Пане, навучы нас маліцца»

Кнігі рэалізуюцца ў кнігарні дыяцэзіі, а таксама ў «Духоўнай кнізе» ў Мінску.

Паводле слоў ксяндза Крыштопіка, думаюць у выдавецтве і пра адкрыццё інтэрнэт-старонкі, праз якую можна было б замаўляць кнігі па пошце і спампоўваць для чытання некаторыя з іх.

«Доступ да кніг у інтэрнэце сёння ўсё больш папулярны і мы не супраць, каб людзі чыталі нашы кнігі і ў электронным варыянце, — адзначае святар. — Але пакуль больш заняты друкам, рэдакцыяй, пошукам матэрыялу для кніг». У той жа час, паводле слоў кс. Тадэвуша Крыштопіка, выдавецтва ўжо выконвае адзінкавыя рассылкі поштай.

Планы на будучы год — па-ранейшаму перавыдаваць кнігі, наклады якіх купляюць лепш за астатнія, і па меры магчымасці перакладаць новыя кнігі. Адно з выданняў, якое павінна з’явіцца ў выдавецтве — кніга кс. Пятра Паўлюкевіча «Адказ на цяжкія пытанні».

Дарэчы, зусім нядаўна ў Гродне выдалі кнігу іспанскай маці 18 дзяцей у перакладзе на беларускую мову «Як жыць шчасліва з 1,2,3... дзецьмі», якая таксама, як мяркуе дырэктар, стане папулярнай, і не толькі сярод бацькоў-католікаў.

Паводле Паўла Міцкевіча,
беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.