3 снежня парафія Св. Мікалая, біскупа, у мястэчку Мір адчыніла свае дзверы для святкавання аднаго з самых светлых і добрых дзён — урачыстасці ў гонар Святога Мікалая, свайго нябеснага апекуна.
Ва ўрачыстасці прыняў удзел дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Нягледзячы на халоднае надвор’е і снег, унутры касцёл нагадваў квітнеючы сад.
З кожным годам гэтая святыня змяняецца як знешне, так і ўнутрана. За апошні год тут адбылося шмат пазітыўных трансфармацый: адноўлена ўнутраная арка ля ўваходу, з’явіліся новыя ў рэнесансным стылі скульптуры Дзевы Марыі, Міхаіла Арханёла і г.д.
За паўгадзіны да пачатку святой Імшы касцёл амаль цалкам напоўніўся людзьмі, сярод якіх былі парафіяне, а таксама госці з розных куткоў Беларусі і не толькі.
Святочны настрой і добразычлівасць луналі ў паветры. Гэтае пачуццё добразычлівасці і непасрэднасці ў спалучэнні з глыбокай верай і любоўю — адметная рыса мірскай парафіі, якую заўважае кожны, хто пераступае парог касцёла.
Музыка і спевы хору гасцей з нясвіжскай парафіі Божага Цела дапамагалі вернікам глыбей прасякнуццца атмасферай Божай прысутнасці і ў адзіным імпэце аддаваць хвалу Пану Богу.
Пробашч парафіі кс. Аляксандр Севасцьяновіч напачатку св. Імшы па- павіншаваў усіх прысутных з парафіяльнай урачыстасцю.
Пазней свае ўрачыстыя абяцанні склалі кандыдаты ў міністранты. Перад гэтым кс. Аляксандр нагадаў пра важнасць рашэння служыць Касцёлу, бо кожны міністрант, набліжаючыся да алтара, набліжае і сваё жыццё да Бога.
Падчас Імшы было адзначана, што Святы Дух умацоўвае нас, каб мы ўмацоўвалі сённяшні свет і набліжаліся да Бога. Нялёгка сёння ісці за Панам, але Ён абяцае нам сілу і моц, падтрымку.
«Папа Францішак сёння заклікае нас да Божай Міласэрнасці. У сённяшні дзень, калі брат ідзе на брата, калі свет трасецца ад войнаў, эканамічных крызісаў і крызісу маралі, крыж Хрыста — тая крыніца, якая дазволіць трываць. Мы павінны ісці і насычаць гэты свет Божай Міласэрнасцю, насычацца Божым светам, каб несці яго ў зямны свет. Нам трэба быць смелымі, каб перадаць сваю веру. Сёння мы абраныя Панам, каб ісці і абвяшчаць яго любоў, каб аддаваць і падымаць з кален тых, хто ўпаў».
Пасля прамоў, падзяк і блаславенняў прыйшоў самы чаканы дзецьмі госць (і дарослымі таксама) — «святы Мікалай». Як заўжды з усмешкай і падарункамі.
Таццяна Пятрова, фота Андрэя Прахарэнкі
|