Урачыстасці 430-годдзя з дня смерці караля Стэфана Баторыя прайшлі ў Гродне |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
05.12.2016 14:10 |
4 снежня ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася ўрачыстая святая Імша з нагоды 430-годдзя смерці Стэфана Баторыя, аднаго з найбольш знакамітых каралёў Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. Стэфан Баторый адышоў у вечнасць 12 снежня 1586 года ў Гродне. Перад пачаткам літургіі ў святыню прыбыла са старога каралеўскага замка світа гусараў, постаці XVI стагоддзя і рыцары перыяду панавання Стэфана Баторыя. На супольнай малітве сабраліся прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і мясцовай улады, творчых асяроддзяў і адукацыйных устаноў, грамадскіх арганізацый, ветэраны, аматары гісторыі і традыцый і шматлікія жыхары Гродна. Святую Імшу ў інтэнцыі караля Баторыя ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі іерарх нагадаў пра асобу Стэфана Баторыя, імя якога асабліва дарагое для гродзенцаў, бо жыццё гэтага манарха непарыўна звязана з горадам над Нёманам. «Сёння мы ўспамінаем і ўзносім Богу нашы малітвы за чалавека, які не толькі ўпісаўся залатымі літарамі ў гісторыю Рэчы Паспалітай, але таксама праз сваё паходжанне і мудрую, дальнабачную палітыку... стаў сімвалам гістарычнай супольнасці лёсаў розных дзяржаў і народаў нашага кантынента», — сказаў іерарх.
Біскуп дадаў, што фундатарам сённяшняй катэдральнай святыні ў Гродне быў менавіта кароль Стэфан Баторый, хоць яна была ўзведзена больш чым праз 100 гадоў пасля яго смерці. Таму гродзенскі ардынарый заклікаў сабраных да ўдзячнасці Богу, які кіруе лёсамі чалавецтва і дае ў дар вялікіх і славутых людзей, за ўсё дабро для грамадства і свету. «Дзякуем за мужнасць і адвагу, за знесеныя клопаты і цярпенні, за дух ахвярнасці і бескарыслівае служэнне, якім ён кіраваўся ў палітыцы, і за прыгожы след, які пасля сябе пакінуў у гісторыі нашых народаў, у чалавечых думках і сэрцах», — маліўся біскуп Гродзенскі. На заканчэнне Імшы іерарх пажадаў, каб гэтая ўрачыстасць паспрыяла яшчэ большаму міру паміж народамі, каб супольна будаваць сяброўскія адносіны праз умелае правядзенне дыялогу. Затым ля памятнай табліцы ў гонар Стэфана Баторыя, якая змешчана ў катэдральнай святыні, былі складзены вянкі і кветкі.
Нягледзячы на тое, што прайшло ўжо некалькі стагоддзяў з часу смерці караля Польшчы, вялікага князя Літоўскага, Рускага, Пінскага, Мазавецкага, Жмудскага, Кіеўскага, Валынскага, Падляскага, Інфлянцкага, а таксама князя Сяміградскага, Яго Каралеўскай Вялікасці Стэфана Баторыя, яго сляды відавочныя ў Гродне і сёння. Напамінам для жыхароў пра гэтага вялікага чалавека з’яўляецца вуліца, названая ў яго гонар, і касцёл у цэнтры горада — сённяшняя катэдра, фундатарам якой ён быў. 3 снежня ў Гродне — улюбёным горадзе Стэфана Баторыя — у ваколіцах Новага і Старога замка адбыліся паказы ўбораў той эпохі і рэканструкцыі рыцарскіх баёў у гадавіну смерці караля. На тэрыторыі Старога і Новага замкаў быў арганізаваны рыцарскі лагер часоў Стэфана Баторыя. Тут, між іншым, дэманстраваліся ўборы тагачаснай эпохі і баявое мастацтва. У рыцарскім лагеры можна было ўбачыць таксама інсцэніроўку баёў і конную язду.
Паводле grodnensis.by |