| Конкурс калядных батлеек прайшоў у Іўі | 
| Беларусь - Гродзенская дыяцэзія | 
| 22.12.2016 16:59 | 
| 
 
 Праз творчую фантазію і свае працы дзеці і дарослыя імкнуліся адлюстраваць адну з прыгожых і важных падзей у хрысціянстве — Божае Нараджэнне. Святло далёкай і блізкай Бэтлеемскай ночы абуджае ў людзях іх лепшыя чалавечыя якасці, натхняе на добрыя ўчынкі і вось такую творчасць.  На суд журы было прадстаўлена каля 80 прац, выкананых у розных тэхніках з выкарыстаннем разнастайнага матэрыялу. Многія з батлеек былі аздоблены электрычнай падсветкай, што надавала стаенкам яшчэ большую святочнасць. 
 Усе ўдзельнікі конкурсу (а гэта звыш 100 маленькіх парафіянаў з Іўя і некалькі дзяцей з парафіі ў Юрацішках) атрымалі салодкія падарункі ад пробашча іўеўскай парафіі Яна Гавецкага і зычлівых людзей.  Аўтары найлепшых прац атрымалі ўзнагароды і ад дабрачыннай каталіцкай місіі «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі — веласіпеды, настольныя гульні, цацкі і іншыя падарункі.   Паводле добрай традыцыі, прапанаванай некалі пробашчам парафіі кс. Янам Гавецкім, удзельнікі конкурсу батлеек падораць на святы некаторыя са сваіх творчых прац адзінокім старэйшым парафіянам.   Т. Болатава, (VGr)  | 
| Фотарэпартаж | 


«Дзеці — нованароджанаму Хрысту» — пад такім дэвізам у Іўі прайшоў конкурс Батлеек, які стаў традыцыйным у мясцовай парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла. Выстаўка калядных стаенак на працягу некалькіх дзён упрыгожвала іўеўскую святыню.
 для друку