| Святарская супольнасць Гродзенскай дыяцэзіі падзялілася аплаткай у Гродне | 
| Беларусь - Гродзенская дыяцэзія | 
| 23.12.2016 11:22 | 
| 
 22 снежня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася аплаткавая 
сустрэча святароў, якія нясуць служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі.   
 У сустрэчы ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Да супольнага святкавання былі запрошаны і семінарысты. Сустрэча пачалася малітвай брэвіярыя, канферэнцыяй і адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Ад імя ўсіх святароў дыяцэзіі віншаванні з нагоды набліжэння святаў Божага Нараджэння скіраваў да гродзенскага ардынарыя біскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх выказаў удзячнасць біскупу Аляксандру Кашкевічу за тое, што ўжо 25 гадоў ён спакойна вядзе Касцёл на Гродзеншчыне і з айцоўскай любоўю ставіцца да кожнага святара. Дапаможны біскуп дадаў, што большасць святароў, якія сёння служаць у Гродзенскай дыяцэзіі, атрымалі пасвячэнне з рук біскупа Кашкевіча. 
 Біскуп Станеўскі пажадаў усім святарам, каб Бог нарадзіўся ў кожным сэрцы, каб праз дзяленне аплаткай «у нашай святарскай сям’і заўсёды панавала братэрская згода, мір і еднасць». Падчас узаемных віншаванняў біскупы дзякавалі святарам за ахвярнае служэнне вернікам і за ўсе душпастырскія акцыі, якія яны рэалізуюць у сваіх парафіяльных супольнасцях. 
 
 
 Гэта быў ужо другі тур аплаткавай сустрэчы. Першы адбыўся днём раней у лідскай парафіі Святой Сям’і.   | 
| Фотарэпартаж | 


 для друку