Пастырскае благаслаўленне нованароджаным і іх маці ў лідскай радзільні ўдзяліў кс. Ежы Беганскі |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
09.01.2017 16:25 |
Душпастыр лідскай бальніцы кс. Ежы Беганскі з нагоды святаў Божага Нараджэння наведаў у радзільным доме жанчын, якія нарадзілі сваіх дзетак у перыяд ад 24 снежня па 8 студзеня. Кожная маці атрымала падарунак для дзіцятка, благаслаўленне для сябе і нованароджанага. Паводле слоў дырэктара радзільнага дома Святланы Яўланавай, у вышэйзгаданы перыяд на Лідчыне нарадзілася 50 дзетак. На думку Святланы Яўланавай, хоць гэтыя жанчыны ў святочныя дні прабываюць не дома, а ў бальніцы, але яны маюць вялікую радасць — у дар ад Бога яны атрымалі сваіх дзетак. Душпастыр лідскай бальніцы кс. Ежы Беганскі падчас сустрэч з маці нагадваў жанчынам аб прыгажосці мацярынскага паклікання. «Пабожная маці першая вядзе дзіця да Бога, і менавіта ў дабрыні маці дзіця спасцігае дабрыню Стварыцеля. Дзіця бязмежна давярае сваёй маці, бо яна атрымала ад Бога дар цалкам прымаць сваё дзіця і любіць яго дарэшты. Маці паклікана таксама стаць той, якая ахоўвае сваё дзіця ад негатыўных бакоў жыцця — асабліва на яго пачатку: ад болю і нястачы. Адначасова яна адкрывае прыгожае ў жыцці», — падкрэсліваў святар падчас размоў з маці. (JB), (VGr) |
Фотарэпартаж |