Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у калядным фестывалі ў Іўі (+фота) |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
22.01.2017 19:22 |
22 студзеня Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Свв. Пятра і Паўда ў г. Іўе (Гродзенская дыяцэзія), дзе цэлебраваў св. Імшу і прыняў удзел у XIV фестывалі калядак Gloria in excelsis Deo. Фестываль мясцовая парафія арганізоўвае ў супрацоўніцтве з мясцовымі ўладамі. Сёлета ў ім прынялі ўдзел дзеці і моладзь з 14 парафій Іўеўскага дэканату, з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Слабада) у Лідзе, з парафіі Маці Божай Анёльскай (францішканскі касцёл) у Гродне. У гаміліі, спасылаючыся да зместу чытанняў Трэцяй звычайнай нядзелі, Мітрапаліт Кандрусевіч засяродзіў увагу на словах прарока Ісаі пра тое, што, знаходзячыся ў цемры, народ убачыў святло вялікае. Іерарх патлумачыў, што гэтым святлом, з’яўляецца народжаны ў Бэтлееме Езус. Святло Яго Евангелля ўжо дваццаць стагоддзяў асвятляе свет, і будзе свяціць вечна. Праблема толькі ў тым, як падкрэсліў арцыпастыр, што людзі часта больш любяць цемру, каб чыніць грэх, і таму закрываюцца ад святла. Каб жыць у святле Евангелля, неабходна яго абвяшчаць. Гэта галоўнае заданне Касцёла, і яно таксама з’яўляецца галоўным заданнем святара.
«Евангелле ў Трэцюю звычайную нядзелю распавядае пра пакліканне першых апосталаў. Езус паклікаў іх з простых галілейскіх рыбакоў. Словы Езуса “Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей” былі такімі пераканальнымі, што яны пакінулі ўсё і пайшлі за Ім, каб да канца свайго жыцця сведчыць Яго, і нават аддаць за Яго сваё жыццё», — адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч. «Голас клічучага Езуса — гэта не мінулае, гэта таксама і сучаснасць. І сёння Ён кліча працаўнікоў на сваё жніво. Праблема толькі ў тым, як у мітусні сучаснага свету пачуць гэтае запрашэнне і адказаць на яго. Езус чакае. Чакае і Касцёл, бо без святароў ён не зможа выканаць сваёй місіі», — дадаў іерарх. «Паводле амерыканскай статыстыкі, штодзень ва ўсім свеце па электроннай пошце высылаецца каля 200 мільярдаў паведамленняў, у год — каля 70 трыльёнаў. Будзем шчырымі: колькі з іх важныя і карысныя, колькі спамаў, а колькі мы выдаляем, не прачытаўшы? — запытаўся арцыпастыр. — Сёння мы атрымліваем новы, Боскі мэсыдж, якім з’яўляюцца словы Езуса: “Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей”. Асабліва маладым юнакам нельга ігнараваць гэты заклік, нельга выдаліць з камп’ютара свайго жыцця. Ад гэтага будзе залежаць наша будучыня».
Іерарх нагадаў сабраным, што ў гэтыя дні ва ўсім свеце праходзіць Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў, дэвіз якога — «Паяднанне — любоў Хрыста ахапіла нас». «Гэтаю любоўю ахоплены ўсе людзі і асабліва хрысціяне. Тэма сённяшняга дня — “Вось сталася новае”. Нам неабходна адмовіцца ад старога мыслення, што хрысціяне, якія не з’яўляюцца католікамі, гэта нашы супернікі. Моцаю хросту мы ўсе такія ж самыя хрысціяне, і павінны быць паплечнікамі, асабліва перад выклікамі секулярнага часу і ва ўмовах пагрозы тэрарызму, які ахапіў свет, і асабліва Еўропу», — падкрэсліў Мітрапаліт. Пасля святой Імшы адбыўся калядны фестываль. Арцыпастыр звярнуўся з прамовай да сабраных. Між іншым, іерарх падкрэсліў, што калядныя прадстаўленні з’яўляюцца даўно вядомым спосабам евангелізацыі, які, на жаль, у сучасным свеце забываецца. Таму ініцыятыва кс. Яна Гавецкага і іўеўскай парафіі вельмі своечасовая і актуальная. «Інсцэніроўка Божага Нараджэння і калядныя спевы набліжаюць праўду пра ўцелаўленне Божага Сына, гэтага цуду пацалунку неба з зямлёй, цуду Божай любові да грэшнага чалавека», — сцвердзіў іерарх.
Мітрапаліт Кандрусевіч падзякаваў пробашчу кс. Яну Гавецкаму, іўеўскай парафіі і мясцовым уладам за арганізацыю чарговага фестывалю і пажадаў усім прысутным благаслаўлення Немаўлятка Езуса ў 2017 годзе. (DN), (VGr) |
Фотарэпартаж |