Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сястра Стэла Ядкоўская: 50 гадоў служэння хворым і церпячым
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
10.02.2017 14:41

Ужо 50 гадоў у бальніцах Гродна духоўную дапамогу хворым нясе сястрa Стэла Ядкоўскaя CSFN, назарэтанка. Сястру Стэлу, якая нясе надзею тым, хто яе не мае, называюць апосталам шпітaляў Гродна.

Нельга прайсці абыякава каля цярпення

Сваё служэнне ў бальніцы сястра Стэлла пачала ў 1966 г., працуючы ў той час медсястрой. Тады яна была ўжо манахіняй, але ў бальніцы пра гэта не ведалі. Выконваючы даручаныя ёй абавязкі, яна не толькі клапацілася пра тое, каб падаць пацыентам адпаведныя лекі, але і цікавілася іх духоўным жыццём. Калі нехта з іх хацеў прыняць сакрамэнты, сястра прыводзіла ў бальніцу святара.

Манахіня цалкам прысвяціла жыццё хворым і церпячым. Яна не можа абыякава праходзіць ля тых, хто церпіць, затрымліваецца ля кожнага шпітальнага ложка, найперш пытаючыся, ці не патрэбныя хворым святыя сакрамэнты.

Звычайны дзень сястры Стэлы пачынаецца вельмі рана. Пасля ранішніх малітваў, удзелу ў святой Імшы і хуткага сняданку яна ідзе ў бальніцу. Апранае белы халат на свой манаскі габіт і абыходзіць усе паверхі і аддзяленні, каб даведацца, каму патрэбны святар, кажа пацыентам словы падтрымкі, запэўнівае ў малітве.

У гродзенскай бальніцы хуткай дапамогі 200 палат. У тыдзень манахіня наведвае 8 бальніц — кожны дзень іншую. Не раз здараецца так, што за дзень яна павінна наведаць дзве бальніцы, бо, як кажа сама, дзён ёй не хапае. «Нярэдка мне даводзіцца ісці да маіх хворых у нядзелю альбо нават вечарам пасля духоўных разважанняў, бо нельга ж пакінуць людзей», — дадае сястра.

Малітва за духоўна згубленых

Кожны дзень сястры Стэлы выглядае амаль аднолькава, акрамя нядзелі. У манаскі дом яна вяртаецца каля 18.00, аднак думкамі і сэрцам застаецца з хворымі. Яна пачынае маліцца ў інтэнцыях тых людзей, каго сустракала на працягу дня. Манахіня моліцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, узгадвае і ўсіх тых, хто рыхтуецца да сур’ёзнай аперацыі і прасіў яе аб малітве, а таксама тых, якія ляжаць у коме. Сястра прыносіць усё гэта ў малітве Богу — найлепшаму Лекару, які дасканала ведае, што патрэбна чалавеку ў дадзеную хвіліну.

Памятае сястра і пра тых людзей, якія згубіліся духоўна. У бальніцы на пытанне, ці патрэбна ім сакрамэнтальная паслуга, яны адказваюць, што няверуючыя, што Бог ім не патрэбны і яны не хочуць бачыць святара. Той, хто называе сябе няверуючым, надоўга застаецца ў памяці сястры Стэлы: «Я вельмі перажываю аб тым, каб ён здолеў перад смерцю паяднацца з Богам. У малітве ўзгадваю гэтага чалавека і прашу Бога, каб даў яму святло веры».

Паяднанне чалавека з Богам — вялікі дар Божай любові

Штодзённае служэнне хворым прыносіць сястры радасць. А кожная сустрэча з хворым, які просіць аб сакрамэнце споведзі, з’яўляецца для яе вялікім дарам Божай любові.

«Для мяне асабіста вялікая радасць, калі чалавек яднаецца з Богам, бо гэта для яго вялікая Божая ласка. І нават калі такі чалавек не вяртаецца да здароўя, а з прычыны нейкай сур’ёзнай хваробы памірае, — я шчаслівая і спакойная, бо ён атрымаў святыя сакрамэнты, дакрануўся да Бога», — адзначае сястра і дадае, што прысутнасць духоўнай асобы ў бальніцы ці хоспісе — вялікая духоўная падтрымка для хворых.

Сястра Стэла Ядкоўская дала пачатак таксама шпітальным капліцам у гродзенскіх бальніцах, хоць іх стварэнне было нялёгкай справай. «У бальніцы павінна быць святая Імша, павінна быць адведзена спецыяльнае месца для малітвы. Людзям патрэбны Бог!» — так казала манахіня кіраўніцтву бальніц. Сёння ў горадзе над Нёманам ёсць чатыры такія капліцы, дзе захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамэнт, куды пацыенты на працягу дня могуць прыйсці, а таксама ўдзельнічаць у Імшы. Гэтыя капліцы — асаблівае месца, дзе чалавек сустракае Бога. Тыя, каму дазваляе стан здароўя, прыходзяць сюды на малітву. Найбольш практыкуецца ў гэтых месцах Вяночак да Божай Міласэрнасці, які моляцца хворыя. Гэта асабліва важна, калі чалавек у час цярпення мае патрэбу ў Божай падтрымцы.

Паводле grodnensis.by
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.