Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каля 700 чалавек наведалі канцэрт арганнай музыкі ў парафіяльным касцёле ў Навагрудку
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
14.02.2017 15:31

11 лютага ў касцёле святога Міхала Арханёла ў Навагрудку адбыўся першы канцэрт арганнай музыкі на адноўленым 200-гадовым аргане. Жадаючых наведаць канцэрт было настолькі шмат, што музыкантам прыйшлося выступіць двойчы.

І гэта не дзіўна: падобнае мерапрыемства — значная падзея для культурна-рэлігійнага жыцця Навагрудчыны. Напрыканцы красавіка 2016 года касцёльны арган пасля рамонту быў благаслаўлёны біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.

Яшчэ тады пробашч парафіі ксёндз Юрый Жэгарын адзначыў, што інструмент будзе гучаць не толькі падчас літургіі. І вось нарэшце жыхары горада пачулі чароўныя гукі інструмента падчас канцэрта духоўнасй і класічнай музыкі.

Хвіліны сапраўднай асалоды падарылі навагрудчанам арганіст касцёла Святой Тройцы з Гервятаў, магістр музыказнаўства і вакаліст Андрэй Міхневіч, піяніст Беларускай дзяржаўнай філармоніі і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Аляксандр Музыкантаў, салістка Сімфанічнага аркестра «Алімпія Класіка» пад кіраўніцтвам Міхаіла Снітко, кіраўнік жаночага музычнага праекта «Бон Ваяж» Вольга Перагуд, а таксама арганіст касцёла св. Міхала Яўгеній Пяцельчыц і яго вучаніца Ірына Букіна. 

У канцэрце прагучалі творы Баха, Моцарта, Альбіноні, Гендэля, Качыні, Агінскага і інш. Гучныя апладысменты і крыкі «брава» — захопленыя слухачы стоячы віталі музыкантаў.

«Рэпертуар для канцэрта падбіралі разам: у кожнага даволі шмат свайго напрацаванага матэрыялу, — расказала Вольга Перагуд. — Вядома, калі рыхтуешся да выступлення ў храме Божым, то ў першаю чаргу думаеш пра духоўную музыку. Зрэшты і падчас выступлення не проста выконваеш песню, а ўнутрана молішся.   

Піяніст Аляксандр Музыкантаў даў добрую ацэнку як стану аргана, так і якасці яго гучання. Музыканты былі прыемна ўраджаны вялікім інтарэсам навагрудскай публікі да арганнай музыкі. Да слова, усяго на канцэртах пабывала каля 700 слухачоў.     

Пробашч парафіі падзякаваў артыстам за тое, што адгукнуліся на запрашэнне і стварылі для ўсіх навагрудчан сапраўднае свята. Ён выказаў надзею, што падобныя канцэрты будуць ладзіцца ў касцёле пастаянна.

Тамара Вяршыцкая, адна са слухачак, так пракаментавала свае ўражанні:

«Для Навагрудка сённяшні канцэрт — сапраўды значная падзея. Мне вельмі прыемна, што касцёл жыве не толькі рэлігійным жыццём, але і свецкім, і падобныя культурныя мерапрыемствы могуць наведваць людзі рознага веравызнання. Арган — асаблівы інструмент, які дае магчымасць не проста атрымаць асалоду ад музыкі, але і адчуць Бога ў душы. Таленавітыя музыканты, чароўная музыка, выдатны вечар… Упэўнена, кожны слухач пакідаў храм з узнёслым настроем і толькі прыемнымі ўражаннямі».


Анастасія Пятрова, фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.