Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Навагрудку прайшлі святыя місіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
03.03.2017 12:47

19–26 лютага айцы рэдэмптарысты з Гродна правялі святыя місіі ў Навагрудку. Больш за год рыхтаваліся парафіяне да гэтай падзеі праз малітву і пост. Апошні раз cвятыя місіі ў Навагрудку праходзілі 26 гадоў таму і, як сцвярджаюць старажылы, не мелі такой масавасці і размаху, як сёлетнія.

Місіянеры на працягу тыдня дапамагалі парафіяльнай супольнасці пазнаваць Бога і набліжацца да Яго і Яго вучэння. На кожны дзень была свая тэма місійных разважанняў («Бог ёсць Любоў», «Грэх і збаўленне ў Езусе Хрысце», «Вера і навяртанне», «Езус — мой Пан» і інш.), змяняліся месцы сустрэч і аўдыторыі слухачоў. Місійныя сустрэчы праходзілі таксама і ў гарадскім пасёлку Любча.

Місіянеры сустрэліся з навучэнцамі аграрнага і гандлёва-эканамічнага каледжаў, а таксама прафесійнага аграрнага ліцэя. Ладзіліся спецыяльныя сустрэчы для моладзі, навучэнцаў школ і іх бацькоў. Запамінальным было аднаўленне сужэнскіх ябяцанняў, у якіх прыняло ўдзел больш за 70 сямейных пар.

22 лютага ў парафіі быў дзень споведзі. Сакрамэнт пакаяння ўдзялялі амаль 15 святароў. Падчас місій для вернікаў арганізоўваліся пакутнае і марыйнае набажэнствы, адарацыя святога крыжа.

На ўспамін святых місій быў усталяваны вялікі місійны крыж.

Уражаннямі пра святыя місіі падзяліліся некаторыя вернікі навагрудскай парафіі.

«Уражанне пасля парафіяльных місій, безумоўна, застаецца надоўга. Час праляцеў вельмі хутка... Святары так даступна прапаведавалі, што іх хацелася слухаць і слухаць. Пасля кожнай малітвы, як мне здаецца, людзі выходзілі з іншым настроем... Такія місійныя сустрэчы натхняюць і духоўна ачышчаюць», — дзеліцца Ядзвіга Саракапыт.

«Крыху сумна стала ў Навагрудку пасля завяршэння парафіяльных місій! Ужо каторы дзень з жалем усведамляю, што раніцой няма патрэбы спяшацца. Я не прапусціла ніводнай службы і шмат пра што даведалася праз казанні айцоў місіянераў. За такія сустрэчы немагчыма не падзякаваць кс. пробашчу Юрыю Жэгарыну, які запрасіў да нас місіянераў і на працягу года рыхтаваў нас да парафіяльных місій. Я атрымоўвала вялікае задавальненне ад глыбокіх місійных навук, ад спеву пад гукі аргана, а таксама спеву хору з Нясвіжа. Дзякуй Богу, што парафіяльныя місіі ўзбагацілі духоўную гісторыю Навагрудка», — адзначыла Галіна Петухоўская.

Як сцвярджае Андрэй Луневіч, падчас святых місій ён «адчуў, што парафія — гэта адна сям’я, адчуў адзінства і салідарнасць; зразумеў дакладна, што малітва мае моц аб’ядноўваць людзей».

Алена Міхневіч
Фота Віктара Мацкевіча
(VGr)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.