«Абавязкова перадам Папу Францішку тое, што ўбачыў»: Апостальскі Нунцый у Беларусі з афіцыйным візітам наведаў Гродна |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
06.03.2017 09:26 |
Двухдзённы візіт праходзіў 4-6 сакавіка. Арцыбіскуп Габар Пінтэр наведаў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, сустрэўся са студэнтамі катэхетычных курсаў, а таксама навадаў некаторыя парафіі Гродна і правёў шэраг сустрэч з парафіяльнымі рухамі і душпастырствамі. Дадаткова арцыбіскуп Пінтэр сустрэўся з каталіцкай моладдзю з Афрыкі і Азіі, якія вучацца ў горадзе над Нёманам. Гродна і сустрэчы Асобным пунктам стала сустрэча наведванне Каложскай царквы ў Гродне і сустрэча Апостальскага Нунцыя з праваслаўным архіепіскапам Гродзенскім і Ваўкавыскім Арцеміем. Нунцый да семінарыстаў: «Адкідайце павярхоўнасць і спакусу жыць напаказ» Падчас сустрэчы ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне Апостальскі нунцый заклікаў семінарыстаў «адкінуць павярхоўнасць і знаходзіць час для іншых». «Адкідайце павярхоўнасць і спакусу жыць напаказ. Не бойцеся станавіцца ў праўдзе перад самімі сабою, называючы рэчы сваімі імёнамі, — сказаў іерарх. — Вучыцеся любіць людзей. Знаходзьце час для іншага чалавека. Узрастайце ў здольнасці і жаданні слухаць іншага. Цікаўцеся жыццём іншага чалавека, раздзяляючы яго радасці і трывогі», — параіў семінарыстам арцыбіскуп.
«Часамі жыццё святара можа здавацца самотным і перапоўненым мноствам разнастайных справаў. Адзіная і найлепшая гарантыя вернасці выбранаму шляху — гэта асабістая лучнасць з Хрыстом, еднасць з братамі ў святарстве і дыяцэзіяльным біскупам», — заключыў іерарх. «Сёння вернік сам павінен зрабіць выбар, як яму жыць» Падчас наведвання парафіі Божай Міласэрнасці арцыбіскуп Габар Пінтэр гаварыў пра новыя выклікі, з якімі сутыкаецца веруючы хрысціянін сёння. «У нашыя часы ў Беларусі ніхто адкрыта не пераследуе Касцёл. Аднак з’явіліся новыя выпрабаванні, не менш цяжкія. Сёння, у свеце ўсёдазволенасці і разбэшчанасці, вернік сам павінен зрабіць выбар, як яму жыць: быць вучнем Хрыста ці быць “як усе”», — заўважыў арцыбіскуп. «Гэты выбар — не плён імправізацыі ці спантаннасці, але вынік асабістых, глыбокіх, жывых і адказных адносін з Богам, у Якім вернік бачыць любячага Айца», — заключыў іерарх. Іерарх да вернікаў Гродна: «Абавязкова перадам Папу Францішку тое, што ўбачыў» У парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля пасля Эўхарыстыі вернікі хорам заклікалі: «Беларусь чакае Папу!». Арцыбіскуп запэўніў сабраных у трох рэчах. Па-першае, Святы Айцец добра ведае гісторыю народа, таму перажывае ўсе цяжкасці разам з ім. Па-другое, Касцёл у Беларусі моцны, жывы. «Я абавязкова перадам Папу Францішку тое, што ўбачыў, — запэўніў арцыбіскуп Пінтэр. — Буду дзяліцца сведчаннем вашай веры з усімі, каго сустрэну ў Ватыкане».
Па-трэцяе, як падкрэсліў іерарх, ён бачыць, як у Беларусі чакаюць візіту Святога Айца. Таму запрасіў верных да малітвы ў гэтай інтэнцыі, а са свайго боку паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб гэтая падзея адбылася. «Візіт нунцыя — выраз духоўнай блізкасці» «Прыбыццё арцыбіскупа да нас мы ўспрымаем як выраз духоўнай блізкасці наступніка святога Пятра, яго айцоўскай любові і клопату пра наш лакальны Касцёл, пра тое, каб ён як мага больш верна і плённа мог спаўняць сваю евангелізацыйную місію», — адзначыў, ацэньваючы візіт Апостальскага Нунцыя, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. |