Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Медыкі Ліды наведалі вільнюскі санктуарый Маці Божай Вастрабрамскай
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
09.03.2017 17:06

8 сакавіка, у Міжнародны дзень жанчын, для медыкаў і пацыентаў лідскай бальніцы была арганізавана пілігрымка ў Вільнюс на чале з бальнічным душпастырам кс. Ежы Беганскім. Пілігрымы перад абразом Маці Божай Вастрабрамскай дзякавалі Богу за пакліканне быць жанчынай і маці.

Удзельнікі пілігрымкі наведалі касцёлы Вільнюса, пабывалі на вільнюскай Кальварыі. Кульмінацыяй дня стаў удзел у святой Імшы ў капліцы Маці Божай Вастрабрамскай. Эўхарыстыя цэлебравалася за пілігрымаў з Ліды і іх сем’і.

У гаміліі кс. Ежы Беганскі прывёў словы папы Пія ХІІ пра маладыя сужэнствы, у якіх Пантыфік падкрэслівае годнасць і ролю жанчыны. «Сапраўдным сонцам у сям’і з’яўляецца жанчына. Яна — жонка і маці. Яна адзначаецца сваёй велікадушнасцю, адданасцю, пастаяннай гатоўнасцю прыйсці на дапамогу, прадбачлівай далікатнасцю ў адносінах да таго, што магло б зрабіць больш радасным жыццё мужа і дзяцей. Жанчына паклікана дзяліцца сваім святлом і цяплом», — адзначыў святар.

Ксёндз Беганскі нагадаў таксама, што сужэнства будзе шчаслівым тады, калі сужонкі не будуць засяроджвацца на пошуку ўласнага шчасця. Маці ж, як дадаў святар, Бог адарыў прыгожымі якасцямі — дабрыня, мудрасць і разважлівасць, сціпласць, шчырасць і адкрытасць, — якія дапамагаюць ёй нават у сумныя і крыўдныя моманты адказваць зычлівасцю і прабачэннем. Аднак, як дадаў бальнічны капелан, гэтыя цноты трэба захоўваць і развіваць, давяраючы сябе апецы Маці Божай.

(VGr)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.