Парафія Святога Духа ў Гродне распрацавала план будучага касцёла |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
|
15.03.2017 16:26 |
Праектаванне касцёла і прыкасцёльнай тэрыторыі завяршылі ў парафіі
Святога Духа ў гродзенскім мікрараёне Альшанка. Парафія Святога Духа —
адна з самых маладых у Гродне. Сёння тут дзейнічае капліца, якую ў будучым павінен замяніць новы касцёл. Яго праект распрацоўваў гродзенскі архітэктар Аляксандр Штэн, за плячыма якома вопыт распрацоўкі праектаў святыняў у Мастах, Лідзе і Гродне.
Паводле слоў пробашча парафіі кс. Паўла Салабуды, цяпер з праектам працуюць эксперты, якія рыхтуюць праектную дакументацыю. Наступным этапам стане атрыманне дазволу на будаўніцтва ў мясцовай улады.
«Побач з новай святыняй будзе знаходзіцца парафіяльны цэнтр, у якім размесціцца дом для святароў, а таксама канцылярыя, актавая зала, парафіяльны кіёск, класы для катэхетычных заняткаў і інш.», — адзначыў кс. Павел.
Як дадаў пробашч парафіі, на прыкасцёльнай тэрыторыі прадугледжана таксама ўзвядзенне званіцы і стацый Крыжовага Шляху. Ілья Лапато
|