Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Велікапосныя рэкалекцыі прайшлі ў парафіі Перамянення Пана ў Юрацішках
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
21.03.2017 11:26

З 17 па 19 сакавіка ў парафіі Перамянення Пана ў Юрацішках прайшлі рэкалекцыі на Вялікі пост. Праводзіў іх айцец капуцын Андрэй Квяцінскі, пробаршч парафіі Св. Валянціна ў Смалявічах.

Сустрэчы праходзілі не толькі ў парафіяльным касцёле, але і ў капліцах ў Эйгердах і Ляпешках. Асобна была арганізавана сустрэча для моладзі.

Айцец Андрэй дапамог вернікам паглыбіцца ў сэнс тэкстаў Евангелля і разам з тым глыбей зазірнуць у сваё сэрца і ў сваю веру. На пачатку рэкалекцый святар засяродзіў увагу над тым, што слова Божае заўсёды актуальнае, таму падчас кожнай Імшы чытанне з Евангелля неабходна слухаць так, быццам яно адрасавана менавіта табе.

Рэкалекцыяніст падкрэсліў, што Бог міласэрны, што Ён любіць кожнага чалавека і прымае нас такімі, якімі мы ёсць. І задача чалавека — быць перад Богам у праўдзе, цалкам давярацца Яму.

Напрыканцы айцец Андрэй працытаваў словы святога Францішка з Асізі: «Заўжды абвяшчайце Евангелле і, калі будзе патрэбна, не толькі з дапамогаю словаў». Хрысціяне павінны дзяліцца сваёю вераю. І словы тут не на першым месцы, галоўнае — жыць у веры, каб людзі, якія з намі побач, бачылі прыклад сапраўднага хрысціянскага жыцця і натхняліся гэтым.

Пробашч парафіі ад імя ўсіх вернікаў падзякаваў айцу Андрэю за прысвечаны час, супольную малітву, адкрытасць, дабрыню і шчырасць.



Вікторыя Пярлухіна, фота аўтара





 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.