Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Гервятах развіталіся са спачылым пробашчам кс. Леанідам Несцюком (абноўлена)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
27.03.2017 17:35

27 сакавіка ў Гервятах адбылося пахаванне кс. Леаніда Несцюка, пробашча мясцовай парафіі Найсвяцейшай Тройцы.

У пахавальнай св. Імшы прынялі ўдзел арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Аляксандр Кашкевіч і біскуп Юрый Касабуцкі, прыкладна 150 святароў, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі мясцовай улады, шматлікія вернікі ваколіц і блізкага замежжа.


Фота з архіва кс. Сяргея Сурыновіча

Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ў свой час разам са спачылым вучыўся ў адной семінарыі ў Каўнасе.

Літургія адбывалася на трох мовах — беларускай, польскай і літоўскай, на якіх трыдыцыйна моляцца вернікі гервяцкай парафіі.

У прамовах і гаміліях Мітрапаліт Кандрусевіч падкрэсліваў нязменнасць праўды пра смерць, ад якой ніхто не застрахаваны і якая можа прыйсці нечакана, пра што сведчыць нечаканы адыход у вечнасць кс. Леаніда Несцюка.

Іерарх распавёў вернікам, што яшчэ месяц таму ён сустрэў свайго сябра ў Мінску і нішто тады не сведчыла пра яго блізкую смерць. Як і заўсёды, святар быў жыццярадасны і поўны планаў.



«Людзі паміраюць там, дзе жывуць. Паміраюць у Гервятах і паміраюць у Вечным горадзе Рыме. Як неабходна глядзець на смерць? — задаўся пытаннем арцыбіскуп. — Калі смерцю ўсё завяршалася, то чалавек быў бы самым нешчаслівым стварэннем.

Мы, хрысціяне, павінны глядзець на смерць праз прызму праўды Уваскрасення Хрыста, да перажывання якой нас вядзе Касцёл у Вялікім посце і якую нёс людзям кс. Леанід амаль 35 гадоў свайго жыцця — спачатку ў Літве, пасля ў Іўі і затым у Гервятах».
Як адзначыў Мітрапаліт, у гервяцкай парафіі ксёндз Леанід Нясцюк паказаў сябе не толькі як выдатны душпастыр, але і як таленавіты рэстаўратар і ландшафтны дызайнер.

«Яшчэ будучы семінарыстам, разам з групай такіх як ён — прыхільнікаў мастацтва — ён шмат увагі надзяляў рэстаўрацыі старых абразоў і фігур, даючы ім новае жыццё, — прыгадваў Мітрапаліт Кандрусевіч. — Менавіта пад яго кіраўніцтвам адрадзіўся да жыцця “беларускі Версаль”, як па-іншаму можна назваць касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах. Дзякуючы намаганням пробашча была прыведзена да ладу і тэрыторыя вакол касцёла».


Арцыбіскуп адзначыў, што з парафіі ў Гервятах паходзяць арцыбіскуп Вільнюса Юліёнас Сцепанавічус, кс. Антоній Філіпчык, а таксама кс. Павел Гедройць.

Мітрапаліт згадаў, што спачылы кс. Леанід па-асабліваму ставіўся да пахаванняў, кажучы: «Тут я гляжу на складзеныя рукі нябожчыка, якія працавалі ўсё жыццё і якія цяпер спакойна адпачываюць»:

«Кс. Леанід, не шкадуючы сябе, ты ахвярна працаваў на ніве Пана. Цяпер твае рукі, якія благаслаўлялі і адпускалі грахі, удзялялі святую Камунію, і твае ногі, якія спяшаліся з духоўнай і проста чалавечай дапамогай да іншых, застылі ў супакоі. Ты скончыў бег па сваім жыццёвым стадыёне, няхай за тваю вернасць хрысціянскаму і святарскаму пакліканню міласэрны Бог адорыць цябе вянком славы святога ў яго Валадарстве», — заключыў іерарх.

Ксёндз Леанід Нясцюк быў пахаваны ля касцёла ў Гервятах.

«Гэты святар пасля трох пакаленняў атэізацыі на нашай зямлі ўзнёс духоўны помнік веры і матэрыяльны помнік у выглядзе адноўленага касцёла з упарадкаванай пры ім тэрыторыяй. Няхай ніколі не зарасце да яго людская сцежка», — дадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.



(DN), (IL)

Фота Тамаша Мікалайчыка

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.