Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Гродне турысты могуць падняцца на вежу Фарнага касцёла і зазірнуць у сутарэнні пабрыгідскага касцёла
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
03.04.2017 10:53

Старадаўні гадзіннік на вежы Фарнага касцёла і падзямелле ў пабрыгідскім касцёле Гродна плануюць зрабіць адкрытымі для турыстаў.

Пра гэта старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў расказаў 30 сакавіка. Аднак па факце такая магчымасць у турыстаў ёсць ужо зараз. 

Паводле яго слоў, якія прыводзіць hrodna.life са спасылкай на БЕЛТА, сёння гарадскія ўлады абмяркоўваюць, як гэта зрабіць найлепшым чынам.

«Кожны ведае пра знакаміты старадаўні гадзіннік на Фарным касцёле. Пабачыць аб’ект, узняўшыся на вежу касцёла, могуць нямногія, — адзначыў Уладзімір Краўцоў. — Мы думаем над тым, каб такую экскурсію зрабіць магчымай для шырокай публікі. Яшчэ адзін цікавы аб’ект — сутарэнні пабрыгідскага касцёла, там размешчана цэлая галерэя каштоўных прац, разам з касцёлам падумаем, як зрабіць даступнай яе ўсім турыстам».

Што за музей размешчаны ў пабрыгідскім касцёле?

Пабрыгідскі кляштарны комплекс быў заснаваны ў Гродне ў 1632-42 гг. і ўключае ў сябе касцёл, драўляны лямус, унутраны двор і мураваную агароджу. Сёння святыня з’яўляецца рэктаральным касцёлам пад тытулам Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі.

Як адзначыў у каментарыі Catholic.by кс. Антоні Грэмза, які нясе тут пастырскае служэнне, адмысловы музей у сутарэннях касцёла працуе з 2008 года і цікаўнасць з боку турыстаў да яго сапраўды ёсць.

фота msj.by

«У нашым музеі сабраныя абразы і іншыя рэчы, якія знаходзіліся ў касцёле і кляштары брыгітак да таго, як у савецкі час комплекс перастаў дзейнічаць. На час ліхалеццяў гэтыя прадметы захоўваліся ў іншым касцёле».

Ксёндз Антоні дадаў, што асноўная праблема — адсутнасць пастаяннага дзяжурнага, які б мог прымаць і праводзіць для цікаўных экскурсію.

Гадзіннік фарнага касцёла адкрыты для турыстаў ужо зараз

Пробашч катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя ў Гродне кс. Ян Кучынскі заўважыў, што экскурсіі на вежу касцёла, дзе знаходзіцца знакаміты гадзіннік, дасяжныя турыстам ужо сёння.



«Такая магчымасць для турыстаў была і раней. Усё што трэба — звязацца са мной і ўзгадніць час. Адзіная ўмова — група не павінна быць большай за 10-12 чалавек», — заключыў святар.

Вежавы гадзіннік фарнага касцёла лічыцца адным з самых старажытных гадзінікаў, што захаваліся і функцыянуюць на прасторы былога СССР.

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.