Біскуп Аляксандр Кашкевіч у велікодную раніцу: уваскрасенне Езуса змяняе перспектывы чалавечага жыцця |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
17.04.2017 12:26 |
16 красавіка ў нядзельную велікодную раніцу вернікі Гродна выйшлі на вуліцы свайго горада, каб засведчыць сваю веру ва ўваскрасенне Хрыстовае. Званы каталіцкіх гродзенскіх святыняў, у гэтым годзе разам са званамі праваслаўных храмаў, з самага ранку запрашалі вернікаў на супольную малітву. Урачыстую Імшу ў нядзелю Уваскрасення Пана і рэзурэкцыйную працэсію ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Звяртаючыся ў гаміліі да вернікаў, біскуп адзначыў: «У бягучым годзе Вялікдзень асабліва красамоўны, бо ўсе хрысціяне — католікі, праваслаўныя і пратэстанты — адзначаюць яго ў адзін дзень, i ... нягледзячы на адрозненні, якія існуюць паміж хрысціянамі, ва ўваскрослым Хрысце мы становімся адзіным цэлым». Па словах іерарха, велікодныя святы нясуць радасць, якая паходзіць найперш з пустой грабніцы Езуса Хрыста. «Сёння ў літургіі і ў слове Святога Пісання прамаўляюць да нас з адлегласці двух тысячагоддзяў самі сведкі — мужчыны і жанчыны, якія бачылі пустую грабніцу і сустрэлі Хрыста ўваскрослага», — дадаў біскуп. Біскуп Кашкевіч адзначыў, што ўваскрасенне Хрыста не толькі напаўняе радасцю і супакоем, але і цалкам змяняе перспектывы чалавечага жыцця. Іерарх адзначыў, што гэтая ўрачыстасць скіроўвае запрашэнне да кожнага чалавека «сур’ёзна трактаваць вучэнне Езуса». Паводле grodnensis.by (VGr) |