13 мая ў парафіі Перамянення Пана ў Юрацішках адбыўся фэст, прысвечаны
100-годдзю фацімскіх аб’яўленняў. Маці Божая Фацімская ўшаноўваецца ва
ўсім свеце, у тым ліку і вернікамі парафіі ў Юрацішках. Тут у бакавым
алтары знаходзіцца фігура Маці Божай Фацімскай.
Cвятую Імшу ўзначаліў кс. Віктар Субель. Божае Слова да парафіян скіраваў а. Андрэй Агель SP, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Ліда-Індустрыяльны).
Звяртаючыся да вернікаў, святар распавёў, што ў 1917 годзе, калі ішла Першая сусветная вайна, папа Бэнэдыкт XV у сваім пастырскім пасланні да католікаў усяго свету, настойліва патрабаваў аднаўлення міру. Праз некаторы час Маці Божая аб’яўляецца свету і просіць аб спыненні вайны, заклікае да міру. І не проста просіць, але ўказвае на сродкі дасягнення міру і згоды: навяртанне, пакаянне і малітва.
«Як Езус вучыў вучняў малітве “Ойча Наш”, так Марыя навучае нас малітве Ружанца», — сказаў святар.
Святар прыводзіў прыклады з гісторыі, калі людзі розных нацыянальнасцей, рознага сацыяльнага статусу і адукацыі маліліся на ружанцы і ўшаноўвалі Маці Божую. «Так і сёння пасланне Маці Божай з’яўляецца актуальным і патрабуе ад нас навяртання, пакаяння і малітвы», — сказаў айцец піяр.
Скончылася святая Імша ўрачыстай працэсіяй вакол касцёла і бласлаўленнем. 
14 красавіка ў парафіі распачалася перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай.
Вікторыя Пярлухіна фота аўтара
|