У Навагрудку прайшоў ІІ Фестываль сям’і |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
24.05.2017 11:26 |
Напрыканцы мінулага тыдня ў Навагрудку прайшоў Фестываль сям’і, арганізаваны парафіяй Святога Арханёла Міхала пры падтрымцы райвыканкама. У свяце сям’і і любові, якое ладзіцца другі год запар, прынялі ўдзел шматлікія сем’і. Фестываль распачаўся малітвай у касцёле святога Арханёла Міхала, пасля чаго ўдзельнікі свята прайшлі ад плошчы імя Леніна да гарадскога парку, дзе і праходзіла свята. Выступленне калектываў Навагрудскай дзіцячай школы мастацтваў, сямейныя і дзіцячыя конкурсы, аквагрым, малюнкі на асфальце, турыстычная пляцоўка, спартыўныя эстафеты — парк напоўніўся дзіцячым гоманам і радасцю. Прысутных забаўлялі роставыя лялькі, а жадаючыя пакатацца на атракцыёнах маглі зрабіць гэта бясплатна. Адным з сюрпрызаў для ўдзельнікаў стала святочная бяспройгрышная латарэя — кожны, хто набыў білет, атрымаў сувенір. Усяго было рэалізавана 150 латарэй. Акрамя таго, прайшоў розыгрыш прызоў, у ліку якіх была і дробная бытавая тэхніка. Шматдзетная сям’я Арцюх стала ўладальнікам блэндара. «На фестываль прыйшлі проста адпачыць, але, як бачыце, дадому вернемся не толькі з прыемнымі ўражаннямі, але яшчэ і з падарункам. Набылі шэсць латарэйных білетаў (для кожнага члена сям’і), у выніку прыз выйграў сын Іван. Нечакана і вельмі прыемна, — гаворыць Алёна Арцюх. — Што датычыцца самога фестывалю, то ўсё арганізавана проста выдатна. ... Мы, дарослыя, хоць і не былі актыўнымі ўдзельнікамі, але з радасцю назіралі за шчаслівымі дзецьмі». Як адзначыў ксёндз Юрый Жэгарын, пробашч парафіі святога Арханёла Міхала, фестываль плануецца ладзіць кожны год. «Каталіцкі Касцёл ва ўсе часы прапаведваў любоў, вернасць, узаемапавагу і іншыя хрысціянскія каштоўнасці, якія павінны быць асновай любой сям’і, — адзначыў ксёндз Юрый. — Сучасныя бацькі настолькі заняты працай і наладжваннем дабрабыту, што праводзяць са сваімі дзецьмі куды менш часу, чым ім хацелася б. Мы вырашылі праводзіць падобныя сямейныя мерапрыемствы, каб сем’і мелі магчымаць забыць пра штодзённыя клопаты і ўсе разам адпачыць». Анастасія Пятрова (VGr) |
Фотарэпартаж |