Арцыбіскуп Кандрусевіч на семінары, прысвечаным бясплоднасці: «Навука і рэлігія павінны дапамагаць адно аднаму» |
Іерархі |
22.11.2014 19:53 |
У Мінску завяршыўся семінар «Праблема бясплоднасці і шляхі яе вырашэння», які праходзіў у касцёле свв. Сымона і Алены 22 лістапада. Папярэднічала семінару святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У сваёй гаміліі іерарх зазначыў, што праблема бясплоднасці была вядома яшчэ за часамі Хрыста і сваёй актуальнасці не страціла і сёння. Як адзначыў арцыбіскуп падчас прывітальнага слова на адкрыццё семінара, заданне Касцёла не толькі ў падрыхтоўцы людзей да сакрамэнту сужэнства, але і ў тым, каб суправаджаць іх і пасля сакрамэнту сужэнства. Іерарх распавёў пра свой удзел у ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў, які праходзіў у Рыме на тэму сям’і. Арцыпастыр падкрэсліў, што праблема бясплоднасці ў сем’ях з’яўляецца вялікай бядой і заклікаў удзельнікаў семінара будаваць разам цывілізацыю жыцця, каб «Беларусь засталася краінай жыцця». Арганізатарам семінара выступілі Рада па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі і Душпастырства сем’яў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Дакладчыкамі на форуме былі ўрач-гінеколаг Таццяна Ермаловіч, міждыяцэзіяльны дарадчык сем’яў у Беларусі Барбара Сайнок, доктар-акушэр з Польшчы Тадэвуш Васілеўскі і сацыяльны педагог Марына Нямарская. Семінар сабраў каля 150 удзельнікаў. Ілья Лапато |