Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас футбольнага чэмпіянату сярод святароў: «Спорт здольны кансалідаваць» |
Іерархі |
25.11.2014 14:27 |
Спорт здольны кансалідаваць і прабачаць, калі нясе ў сабе хрысціянскія каштоўнасці. Такую думку выказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас ІІІ Чэмпіянату па міні-футболе сярод святароў, які 24 лістапада прайшоў у Маладзечне. Іерарх узначаліў урачыстую святую Імшу на пачатак чэмпіянату, а таксама прыняў удзел у гульнях у складзе Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. «Кожная футбольная каманда мае свайго гаспадара, які ёй апякуецца, — адзначыў Мітрапаліт. — Ён устанаўлівае правілы яе існавання і дзеяння, выбірае трэнера, дае інструкцыі, ставіць заданне і спадзяецца, што яно будзе выканана, бо хоча мець каманду-пераможца. Поўны тэкст гаміліі тут Паводле слоў арцыбіскупа, «правілы гульні» дае вернікам Хрыстус, а духоўнымі трэнерамі становяцца пастыры. «Хрыстус жадае, каб Касцёл выйграў. Калі Езус перамог злога духа, дык чаму ж мы дазваляем яму выйграць так шмат баталій супраць нас? Мы павінны памятаць аб тым, што Хрыстус у Касцёле нам дапамагае і мы не маем права прайграць». Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас спаборніцтваў у Маладзечне Напрыканцы іерарх звярнуў увагу на тое, што нават добры футбаліст не можа гуляць у адзіночку. «Мы ў Касцёле гуляем у адной камандзе. І ўсе разам мы павінны супрацьстаяць злу», — дадаў Мітрапаліт. Як адзначыў арцыпастыр, футбольныя чэмпіянаты свету паказваюць, што маладыя каманды здольныя заваяваць лепшыя месцы, бо «маюць добрага гаспадара, трэнера і зыграных гульцоў, якія ўтвараюць адну каманду». Ілья Лапато |