Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прымае ўдзел ва Усерасійскім Эўхарыстычным кангрэсе «Я есмь хлеб жизни» (Ян 6, 35), які праходзіць з 5 па 7 чэрвеня ў Навасібірску. 6 чэрвеня беларускі іерарх выступіў на кангрэсе з дакладам на тэму «Пастырскі аспект Эўхарыстыі».
Мітрапаліт аб’явіў таксама аб смерці кс. Яна Занеўскага, пробашча парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы, які адышоў у вечнасць у гэты дзень. Усе прысутныя ў навасiбірскім катэдральным касцёле памалiліся ў iнтэнцыi гэтага святара, які шмат учыніў і для адраджэння Касцёла ў Расii. Таксама арцыпастыр прадставіў перад сваім дакладам прэзентацыю слайдаў аб праходжанні працэсіі Божага Цела ў Беларусі, што выклікала вялікую цікавасць у сабраных.
У дакладзе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, у прыватнасці, прызнаўся, што заўсёды моліцца аб Каталіцкім Касцёле ў Расіі, якому прысвяціў 16 з паловай гадоў біскупскага служэння і пакінуў там частку свайго сэрца.
Мітрапаліт адзначыў, што “спосаб перажывання нядзелі і стыль жыцця хрысціянскай супольнасці ўзаемаабумоўлены”, “існуе ўзаемны ўплыў паміж здзяйсненнем Эўхарыстыі і душпастырствам”, таму “абнаўленне пастырскай дзейнасці павінна быць цесна звязана са спосабам перажывання нядзельнай Эўхарыстычнай літургіі”.
Па словах іерарха, “практыка паказвае, што ў здзяйсненні Эўхарыстыі і святкаванні нядзелі дамінуе не толькі аскетычна-літургічнае вымярэнне, але і функцыянальна-сацыяльны аспект, што выражаецца ў чыста знешнім удзеле ў Эўхарыстыі”; “у той жа час парафіяльнае душпастырства патрабуе рашучага ажыўлення, бо ўжо недастаткова толькі здзейсніць Імшу”, таму “неабходна памятаць аб тым, што паглыблены спосаб перажывання нядзельнай Эўхарыстыі з’яўляецца адной з умоваў фарміравання парафіі як супольнасці, а таксама абнаўлення хрысціянскага жыцця ў ёй”.
Арцыбіскуп звярнуў увагу, што “неабходна такое святкаванне Эўхарыстыі, каб парафіяльнае душпастырства знаходзіла ў ёй сваю матывацыю, а таксама асабістае і грамадскае натхненне”.
“Вельмі часта здзяйсненне Эўхарыстыі і святкаванне нядзелі накіравана выключна на абслугоўванне вернікаў, быццам бы Касцёл уяўляў сабой нейкі камбінат бытавых паслуг”, - падкрэсліў Мітрапаліт, дадаўшы, што нярэдка непадрыхтаваныя парафіяне “абыякава ставяцца да нядзельнай Эўхарыстыі, прапускаюць яе, не ўключаюцца ў яе здзяйсненне”. “Усё гэта ставіць перад намі вельмі важную задачу: як пераадолець падыход, які склаўся, і перайсці ад абслугоўвання парафіян да сумеснага святкавання Пасхі Пана, - сказаў іерарх. - Такое абнаўленне святкавання нядзелі будзе садзейнічаць абнаўленню ўсяго душпастырства”.
“Парафія такая, як у ёй здзяйсняецца Эўхарыстыя. У ёй сустракаем Хрыста, які фарміруе нас як сапраўдных хрысціян. У ёй таксама прымаем Яго як Хлеб вечнага жыцця”, – заўважыў Мітрапаліт.
Беларускі іерарх заклікаў “зрабіць усё магчымае, каб праз удзел у Эўхарыстыі Хрыстус прабываў у нас, а мы ў Ім”, бо “толькі тады мы можам заставацца сапраўднымі, а не толькі намінальнымі і ананімнымі хрысціянамі”. Поўны тэкст даклада>>> “Мы, нягледзячы на выклікі часу і адмаўленне сучаснага свету ад Бога, павінны плыць супраць цячэння секулярнага свету і падымаць планку маральных патрабаванняў да сябе, - дадаў арцыпастыр. – Гэта нялёгка. Але мы не адны – Хрыстус у Эўхарыстыі прыходзіць да нас, каб умацаваць нашы сілы ў гэтай барацьбе за трыумф маральных ідэалаў у наш час, калі, на вялікі жаль, святынямі становяцца супермаркеты, стадыёны, канцэртныя залы, дыскатэкі і да т.п. Там ёсць усё, акрамя Бога”. Пасля дакладу Мітрапаліт адказаў на шматлікія пытанні прысутных.
(AG)
|