Беларусь працягне палітыку наладжвання цесных адносін з Ватыканам. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 4 снежня падчас
сустрэчы з арцыбіскупам Клаўдыё
Гуджэроцці, які завяршае сваю дыпламатычную місію ў Беларусі.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у перыяд работы арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці ў Беларусі зроблена нямала для наладжвання вельмі цесных кантактаў з Ватыканам, з Папам Рымскім.
«Хачу вас запэўніць, што мы ад гэтай палітыкі не адыходзім. Калі ў кагосьці там думка, што Лукашэнка пазіцыю мяняе адносна католікаў, Каталіцкага Касцёла і Ватыкана, гэта абсалютна не так. Гэта поўная бязглуздзіца. Мы нічога не мяняем, мы не заігрывалі ні з католікамі, ні з праваслаўнымі, ні з іншымі. Мы праводзілі сумленную, шчырую палітыку», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка дадаў: «Частка нашых грамадзян — гэта католікі, гэта вернікі. Гэта прынцыповыя людзі, і я паважаю іх пазіцыю».
Звяртаючыся да арцыбіскупа, Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў: «Тут — агульначалавечы падыход, Вы яго разумелі, Вы нас у гэтым плане заўсёды падтрымлівалі».
Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што паважае і католікаў, і праваслаўных, і мусульман, якія жывуць у Беларусі, усе веры і рэлігіі, калі яны не выкарыстоўваюцца ў мэтах тэрарызму, абвастрэння абстаноўкі, дэстабілізацыі сітуацыі.
«Калі рэлігія служыць спакою, парадку ў краіне, стабільнасці, мы будзем толькі падтрымліваць такую рэлігію. Вы гэта павінны ведаць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы ў размове з арцыбіскупам.