Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і Беларусь — чатыры гады жыцця ў духу Любові |
Беларусь |
13.11.2015 14:32 |
Сёння, 13 лістапада, Каталіцкі Касцёл у Беларусі даведаўся, што
Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці пакідае Беларусь — Папа
Францішак перавёў яго як прадстаўніка Ватыкана ў Кіеў. За гэтыя гады
многія жыхары Беларусі незалежна ад рэлігійнай і канфесійнай
прыналежнасці пазнаёміліся з іерархам, сталі паважаць і нават палюбілі
гэтага сына Італіі, а Апостальскі Нунцый палюбіў нашу краіну і наш
народ. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці быў прызначаны Апостальскім Нунцыем 15 ліпеня 2011 года і запомніўся Беларусі многімі сваімі ўчынкамі, самыя яркія з якіх мы згадаем у гэтым артыкуле. Сваё прабыванне ў Беларусі Апостальскі Нунцый пачаў з наведвання хворых дзяцей у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі і гематалогіі ў Бараўлянах у знак пашаны да пакутаў беларускага народа (>>>). За час працы арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці ў Беларусі былі прызначаны адразу чатыры новыя біскупы — яркае адлюстраванне адраджэння Касцёла ў Беларусі і трывалы грунт для будучага росту хрысціянства ў нашай краіне (>>> | >>>). Апостальскі Нунцый адразу зарэкамендаваў сябе як вялікі прыхільнік беларускай культуры. Іерарх вывучае беларускую мову, пачаў цэлебраваць святую Імшу на ёй ужо ў 2012 годзе, неаднаразова заклікаў беларускіх вернікаў і духавенства шанаваць і бараніць беларускую мову. «Дарагія кандыдаты! Вы будзеце служыць народу, які мае сваю гісторыю, сваю культуру, сваю мову, свае надзеі», — казаў арцыбіскуп новым святарам і дыякану падчас урачыстасці ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў 17–18 жніўня 2012 года (>>>). Прадстаўнік Пантыфіка праводзіць незвычайна актыўную душпастырскую дзейнасць — наведвае парафіі, удзяляе сакрамэнты, стаў блізкім да звычайных вернікаў і заўсёды гатовы слухаць пра іх турботы. Гэтак праз асобу Апостальскага Нунцыя Святы Айцец у Рыме зрабіўся бліжэй да беларускіх католікаў (>>>). Таксама прадстаўнік Святога Айца вызначыўся апёкай аб зняволеных у Беларусі. У прыватнасці іерарх наведаў палітычных зняволеных Алеся Бяляцкага, Міколу Статкевіча, Змітра Дашкевіча, Паўла Севярынца, Сяргея Каваленку, Паўла Сырамолатава, Эдуарда Лобава. Арцыбіскуп перадаў ім вітанні Святога Айца і католікаў, паведаміў вязням, што Касцёл моліцца за іх і іх сем’і (>>>). Апостальскі Нунцый кожны год наведваў Курапаты — месца, дзе ў часы бальшавісцкай няволі былі расстраляны дзясяткі тысяч жыхароў Беларусі. У Курапатах і ў Трасцянцы арцыбіскуп моліцца за загінулых і зніклых сыноў і дачок Беларусі, але таксама і за будучых яе дзяцей (>>>). Асаблівым сябрам арцыбіскуп Гуджэроцці стаў для моладзі ўсёй Беларусі. Вельмі прыязны і ўсмешлівы, іерарх хадзіў з юнакамі і дзяўчатамі як звычайны пілігрым ці ўдзельнік вулічнай працэсіі, спяваў і маліўся з імі (>>>). Арцыбіскуп пакінуў свой след і ў гісторыі беларускай сталіцы — пры ім пачалося і было амаль скончана будаўніцтва новай Апостальскай Нунцыятуры (>>>). Багатую і разнастайную спадчыну прадстаўнік Святога Айца пакінуў сваім наступнікам! Беларусь удзячная арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці за ягоную любоў, за натхненне, якое ён перадае нам, і моліцца за іерарха!
Вас прызначылі ў суседнюю Украіну, Ваша Эксцэленцыя, таму, спадзяемся, у Вас будзе магчымасць час ад часу прыязжаць у госці да беларускага народа, у сэрцы якога Вашае імя застанецца сімвалам мудрасці і радасці.
Аляксандр Гелагаеў |