Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апостальскі Нунцый удзяліў Першую Камунію малодшым вернікам у Багданаве
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
18.05.2015 17:50

17 мая ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Багданаве 19 малодшых вернікаў прынялі Першую Камунію, якую ім удзяліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які наведаў гэтую парафію, а таксама завітаў да некаторых парафіяльных сем'яў.

Знаёмства з парафіяй пачалося з наведвання могілак, дзе пахаваны ахвяры Першай сусветнай вайны.

Вернікі парафіі ўрачыста сустракалі Апостальскага Нунцыя. Па даўняй традыцыі хаты католікаў былі ўпрыгожаны каляровымі дыванамі, на якіх быў вывешаны абраз. Таксама перад уваходам у святыню быў высланы незвычайны дыван — з пялёсткаў і вясновых кветак. Традыцыя выкладаць прывітальны кветкавы дыван была даволі распаўсюджанай у беларускіх каталіцкіх парафіях, але на сённяшні дзень сустракаецца ўжо вельмі рэдка.

Гэты жэст вельмі ўразіў арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, які падзякаваў за яго, а таксама за абразы, якія парафіяне, як іерарх адзначыў, вывешваюць, каб найперш ушанаваць Бога.

На святой Імшы, якую арцыбіскуп узначаліў, ён распавёў дзецям пра тое, як сам прымаў Першую Камунію.

Прадстаўнік Святога Айца нагадаў дзецям, як Езус Хрыстус устанавіў Эўхарыстыю. «Сёння гэта вы — сябры Езуса, якіх Ён хоча мець блізка каля сябе. Ці гатовы вы быць блізка Езуса, калі Ён церпіць?

Хрыстус прыйшоў на зямлю, каб прынесці любоў, якая існуе паміж Сынам і Айцом, і каб кожны мог быць членам гэтай сям’і. І ўсе мы, тут прысутныя, належым да гэтай Божай сям’і», — сказаў іерарх.

«Камунія, якую вы прымеце, — гэта сам Езус, каб вы маглі любіць Яго і адчуваць, што Ён любіць вас», — дадаў арцыбіскуп.

Іерарх нагадаў, што калі Цела Хрыста было ўкрыжавана за ўсіх людзей, а Кроў праліта за ўсё чалавецтва, то Яго вучні зразумелі сэнс таго жэсту Езуса, калі падчас Эўхарыстыі Ён пакінуў для спажывання свае Цела і Кроў. Па словах Апостальскага Нунцыя, такім чынам Хрыстус гаворыць кожнаму чалавеку: «Я аддаю ўсяго Сябе — настолькі моцна цябе люблю».

«Сакрамэнт, які вы прымаеце сёння — гэта штосьці тое, што кожны з нас прымае асабіста, але адначасова ўвесь Касцёл прымае тое ж самае. Езус прыходзіць да кожнага з вас асабіста і ў гэтым збірае ўсіх вас разам і нясе да свайго Айца», — сказаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

«Усе мы ствараем адно Хрыстовае Цела»

Напрыканцы гаміліі іерарх зазначыў, што «калі хтосьці з вас прымае Хрыста, а потым пакідае Касцёл і пачынае жыць паводле нормаў гэтага свету, — тады чагосьці не хапае ў гэтым Хрыстовым Целе». «Калі мы ўсе разам — тады Хрыстовае Цела прыгожае. Калі ёсць здрада Ягонаму Целу — тады Яго Цела пачынае крывавіць. І так здараецца, калі мы не любім адзін аднаго».


На заканчэнне Імшы вернікі падарылі Апостальскаму Нунцыю копію знакамітай карціны беларускага мастака Фердынанда Рушчыца «Ля касцёла», на якой якраз намалявана багданаўская святыня.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падзякаваў прысутным за гэтую літургію, «поўную нечаканых момантаў». Іерарх пажадаў, каб гэты дзень заставаўся для дзяцей святочным заўсёды, каб яны ніколі не забыліся пра яго; пажадаў таксама мець павагу да сябе, «бо мы — гэта месца, дзе жыве Езус, і ніхто не можа забраць у нас гэтую годнасць, бо Бог даў нам яе і захоўвае яе ў нас».

Таксама арцыбіскуп пажадаў вернікам адчуваць падчас заключнага благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам благаслаўленне Папы Францішка, які, па словах Апостальскага Нунцыя, прысутны сярод іх у гэты дзень. Іерарх заклікаў не забываць маліцца за Папу, бо «Папа – фундамент, на якім Хрыстус захоўвае свой Касцёл».

Сярод тых дзяцей, што прымалі Першую Камунію, было двое з вялікай прыёмнай сям'і. Гэта сям'я ўяўляе своеасаблівую «супольнасць», у якой выхоўваецца восем дзяцей рознага ўзросту, што маюць дзвюх прыёмных мамаў, — сясцёр з Інстытута кансэкраванага жыцця св. Тэрэзы Алену і Тэрэзу.

Апостальскі Нунцый наведаў гэтую сям'ю, якой пасля супольнай малітвы ў хатняй капліцы ўдзяліў благаслаўленне.

Потым арцыбіскуп наведаў вёску Масцішча — амаль зніклы населены пункт, якая налічвае ўсяго дзве хаты і стараверскую царкву, што была пабудавана ў 1925 годзе. Адна з жыхарак — стараверка, а другая — каталічка. Апостальскі Нунцый завітаў да васьмідзесяцігадовай спадарыні Жукоўскай і ўдзяліў благаслаўленне. Жанчына, якая жыве сярод беларускіх лясоў, з адзінаю суседкаю, была рада візіту такіх гасцей.

(AG), (AYU)

Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.