Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прыгожы падарунак Бога вернікам: арцыбіскуп Гуджэроцці ўзначаліў у Браславе Імшу з удзяленнем святарскага і дыяканскага пасвячэнняў
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
18.08.2012 21:30

18 жніўня ў Браславе ў межах урачыстасцяў Маці Божай Валадаркі Азёраў адбылася святая Імша з удзяленнем святарскага і дыяканскага пасвячэнняў. Літургію ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

У святой Імшы ўдзельнічалі: кардынал Тэадор Маккарык з Вашынгтона (ЗША); біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін; арцыбіскуп Рыжскі Збігнеў Станкевіч; біскуп Кірыл Клімовіч з Іркуцка (Расія); Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек; кс. пралат Анджэй Куроўскі (ЗША); сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Казахстане кс. Аляксандр Рагіня; рэктар вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пьячэнца (Італія) кс. Казімеж Стэльмах; рэктар вышэйшай духоўнай семінарыі ў Франкфурце-на-Майне (Германія) кс. Стэфан Кесслер; рэктар вышэйшай духоўнай семінарыі ў Влоцлаўку (Польшча) кс. Яцэк Шыманьскі; рэктар вышэйшай духоўнай семінарыі ў Беластоку кс. Анджэй Скрэчко; рэктар сальватарыянаў у Польшчы кс. Ежы Мадэра; правінцыял сальватарыянаў кс. Пётр Філяс; кс. пралат Рышард Мрозюк з Германіі; рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску кс. Ян Саламон; рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Юзаф Станеўскі; адказны за працу з семінарыстамі ў Віцебскай дыяцэзіі кс. Анджэй Бульчак; кс. пралат Андрэй Стэцкевіч з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Прысутнічалі таксама прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, прадстаўнікі пасольства Рэспублікі Польшча ў нашай краіне, шматлікія пілігрымы з Літвы, прадстаўнікі руху «Маці ў малітве» з усёй Беларусі, вернікі, якія прыбылі ў Браслаў з розных іншых мясцін.

Падчас сёлетніх урачыстасцяў у браслаўскім санктуарыі асаблівым чынам маліліся аб тым, каб усе, хто чуе голас паклікання, не адкідвалі гэты дар, а таксама за тых, хто ў гэты дзень прымаў абавязак асаблівага служэння Хрысту і Яго Касцёлу.

Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці перадаў спецыяльнае прывітанне і благаслаўленне ад папы Бэнэдыкта XVI і заахвоціў памаліцца за Пантыфіка як яго верныя сыны і дочкі. «Я вельмі ўзрушаны прыгажосцю гэтага месца, — прызнаўся іерарх, кажучы пра Браслаў. — Здаецца, што прырода і людзі ў адным супрацоўніцтве стварылі яго». Нунцый падзякаваў біскупу Віцебскаму Уладзіславу Бліну, які паспрыяў «стварэнню гэтага месца, прысвечанага Маці Божай».

«Ваша прысутнасць сведчыць, што глыбокая любоў да Маці Божай жыве ў вашых сэрцах», — дадаў арцыбіскуп, звяртаючыся да вернікаў. У мінулыя гады, па словах нунцыя, Касцёл у Беларусі быў пераследаваны, але «як толькі скончыліся гэтыя цяжкія часы, кветкі веры расцвілі тут яшчэ больш, чым раней».

«Дарагія кандыдаты! Вы будзеце служыць гэтаму народу, які мае сваю веру, сваю мову, сваю культуру, і гэта вялікая адказнасць», — з такімі словамі звярнуўся арцыбіскуп Гуджэроцці да будучых святароў і дыякана. Як падкрэсліў нунцый, паклікання няма без узрушанасці, падобнай да той, якую мела Марыя, даведаўшыся ад анёла, што народзіць Сына Божага, і «гэты неспакой — знак сур’ёзнасці паклікання».

Папа, як адзначыў нунцый, няспынна нагадвае нам, што «пакліканне — не кар’ера, а цяжкая, ажно часам да крыві, служба». Сёння для беларускіх святароў «скончылася небяспека фізічнага пераследу», але пачынаецца іншая — небяспека думаць, што святарскае жыццё — «нагода, каб добра жыць у перыяд эканамічных цяжкасцяў» і мець павагу людзей. «Небяспека для святароў ператварыцца ў інструменты культу — небяспека, якая сёння забівае Касцёл», — падкрэсліў іерарх.

Па словах арцыбіскупа Гуджэроцці, «калі Бог звяртаецца да вас, з Ім нельга жартаваць», «нельга прыкідвацца». Бог «паклікаў нас з любові», а любоў «не дапускае няўважлівасці», не дазваляе жыць «напалову, не да канца выконваючы свае абавязкі, — гэта служба на ўсе сто працэнтаў». Калі ж настае момант няўпэўненасці і страху, «Бог бярэ святароў за руку» і «за руку вядзе да гэтых людзей». «Дарагія кандыдаты, вы будзеце святарамі, якія не толькі ўдзяляюць сакрамэнты, але і слухаюць людзей, чакаюць іх», — прамовіў нунцый да будучых душпастыраў.

«Калі Дух Святы сыдзе на вас і зробіць сваёй уласнасцю, прыйдзе моц, каб вы не стамляліся», — працягваў іерарх і пажадаў кандыдатам быць добра падрыхтаванымі да тых цяжкасцяў, якія іх спаткаюць.

«Гэты народ вас любіць. І на гэтую любоў вы не можаце не адказаць сваёй увагай», — заклікаў нунцый будучых святароў. Арцыбіскуп заахвоціў «любіць людзей таксама ў слабых баках, бо менавіта яны — цела Хрыста». «Вы пасланы, каб мыць ногі гэтаму Хрысту, — падкрэсліў іерарх. — Той Касцёл, які займаецца толькі сакрамэнтамі, забываецца пра іншую сваю частку — Божы люд, які таксама з’яўляецца целам Хрыста».

Самае галоўнае для святара, як адзначыў нунцый, — даверліва аддацца ў рукі Бога. Без смаку спаткання з Хрыстом святары «становяцца бюракратамі».

«Касцёл патрабуе ад вас вельмі шмат, але таксама вельмі шмат дае. Мы ўсе гатовы вам дапамагчы», — запэўніў арцыбіскуп Гуджэроцці будучых святароў. Па словах нунцыя, «гора, калі ксёндз баіцца свайго біскупа, і гора, калі біскуп баіцца ксяндзоў», бо яны «айцы і дзеці з адной сям’і».

Як прыклад для маладых душпастыраў Апостальскі нунцый прывёў жыццёвае сведчанне кардынала Тэадора Маккарыка з Вашынгтона. «Гэта прыклад перадусім для нас, біскупаў, — кардынал, які прысутнічае сярод нас без шматлікіх супрацоўнікаў, якія маглі б яго суправаджаць. Ён сёння разам з намі ва ўсёй сваёй прастаце і са сваёй усмешкай, — адзначыў арцыбіскуп. — Навучайцеся ад яго адной рэчы — быць апосталамі ўсмешкі. Усмешка — дзверы, праз якія можна ўвайсці ў сэрца чалавека».

Заданне святароў, па словах нунцыя, — «не паказаць іншаму святару, што мы зрабілі або робім, але паказаць, што ў нас ёсць для яго час». «Людзі будуць судзіць пра вас па тым, колькі любові вы маеце адзін да аднаго», — падкрэсліў іерарх, звяртаючыся да кандыдатаў. Арцыбіскуп Гуджэроцці пажадаў будучым душпастырам «быць шчаслівымі і ўсміхацца», бо «вашае пакліканне распачынаецца кожны новы дзень».

Тры новыя святары і дыякан — гэта, як адзначыў арцыбіскуп, «прыгожы падарунак Бога вернікам». Іерарх прызнаўся, што для яго гэтыя пасвячэнні — «вялікая радасць і адказнасць», бо ўпершыню арцыбіскуп Гуджэроцці ўдзяляе святарскае пасвячэнне. «Няхай Бог дапаможа ўсім нам быць вернымі гэтаму пакліканню», — пажадаў нунцый усім прысутным святарам.

Пасля гаміліі арцыбіскуп удзяліў кандыдатам святарскае і дыяканскае пасвячэнні. У эўхарыстычнай частцы літургіі тры новапрэзбітэры ўпершыню канцэлебравалі святую Імшу, а дыякан — служыў ля алтара.

Напрыканцы Эўхарыстыі ўсе яе ўдзельнікі разам прамовілі Акт аддання сябе Маці Божай Валадарцы Азёраў. Затым новапрэзбітэры выказалі падзяку Богу за дар паклікання, арцыбіскупу Гуджэроцці — за ўдзяленне ім сакрамэнту святарства, кардыналу Маккарыку — за прысутнасць, сведчанне, паставу жыцця. Маладыя святары падзякавалі таксама біскупу Уладзіславу Бліну за малітву і за тое, што палічыў іх годнымі прыняць гэты сакрамэнт; падзякавалі рэктарам семінарый, у якіх вучыліся; пробашчам сваіх парафій і святарам, якія дапамагалі на шляху жыццёвага выбару; усім вернікам, прысутным каля цудатворнага абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў.

Да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуўся і кардынал Тэадор Маккарык. Іерарх падзякаваў за «цудоўную магчымасць прысутнічаць тут», выказаў падзяку біскупу Бліну, які «робіць усё, каб унесці радасць у гэтую святыню», падзякаваў Апостальскаму нунцыю за цёплыя словы. «Я рады, што Касцёл жыве, што ён і далей будзе жыць, — дадаў кардынал. — Касцёл будзе трымацца на веры ўсіх вас».

Да прысутных прамовіў таксама арцыбіскуп Рыжскі Збігнеў Станкевіч. «Я паеду адсюль умацаваны ў веры, бо ўбачыў, што ваша вера жывая, і гэта відавочна», — адзначыў іерарх. Арцыбіскуп заклікаў вернікаў не захапляцца спакусамі сучаснага свету і быць моцнымі ў Хрысце. Да ўдзельнікаў Імшы звярнуліся біскуп Кірыл Клімовіч і біскуп Уладзіслаў Блін. «Я ўпэўнены, што Маці Божая Валадарка Азёраў выслухала вашы просьбы», — адзначыў біскуп Клімовіч. «Я дзякую Богу за ўсё, што нам дае, і за вас», — такія словы прамовіў да вернікаў біскуп Блін і дадаў, што моліцца аб тым, каб кожны з прысутных дасягнуў шчасця ў небе.

Урачыстая Імша завяршылася благаслаўленнем, якое ўдзяліў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Анастасія Грышан



Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў