Пажаданні біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB на Вялікдзень 2016 г. |
Іерархі
|
25.03.2016 00:31 |
Дарагія браты і сёстры!
У гэтыя святочныя дні, калі мы праслаўляем Хрыстовае Уваскрасенне — Пасху — скіроўваю сардэчныя віншаванні натхнёнымі і нязменна вялікімі словамі пасхальнай радасці:
Хрыстус уваскрос!
Няма ў чалавечай мове слоў больш жыватворных і цудадзейных, чым гэтыя два словы. У гэтых словах і пераможная вестка, і заклік да радасці, і прывітанне любові, і пажаданне міру, і знак Божай міласэрнасці да чалавечага роду.
Перажываючы ў гэтым Надзвычайным Годзе Божай Міласэрнасці найсвяцейшы час нашага адкуплення і радуючыся неспасцігальнай любові Збаўцы да ўсяго чалавецтва, складаю вам шчырыя і найлепшыя пажаданні. Няхай Уваскрослы Хрыстус адорвае моцным здароўем, радасцю і сілай, каб прымаць кожны дзень новыя заданні і выклікі. Няхай умацоўвае веру, надзею і любоў, якіх так моцна патрабуе сучасны свет. Няхай, нарэшце, знак пустога гроба напаўняе супакоем і ўпэўненасцю, што менавіта Богу належыць канчатковая перамога над смерцю і цемрай зла, а Яго міласэрнасць не мае межаў.
✠ Аляксандр Яшэўскі, S.D.B. Біскуп вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці
|