Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на распачацце перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (+Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі)
Іерархі
05.10.2016 18:10

Тэкст на польскай мове>>>

Фацімскае пасланне — шлях да навяртання

Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе
і наступіць час навяртання і супакою

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі!

1. Сардэчна вітаю вас словамі, з якімі Марыя праз фацімскіх пастушкоў Францішка, Жасінту і Люцыю ў 1917 г. звярнулася да народаў усяго свету, асабліва да тых, якія жывуць у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Гэтыя словы Багародзіцы як нашай духоўнай Маці былі для нашых продкаў і многіх з нас крыніцаю надзеі на працягу трох пакаленняў жорсткага пераследу веры. Сёння мы з’яўляемся сведкамі і ўдзельнікамі працэсу адраджэння веры ў нашай краіне, дзе атэістычны рэжым імкнуўся стварыць духоўную пустыню.

З нагоды юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, які мы будзем адзначаць у наступным 2017 г., у фацімскі дзень 13 кастрычніка 2016 г. распачнецца перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай па парафіях нашай архідыяцэзіі. Перэгрынацыя арганічна ўліваецца ў працэс падрыхтоўкі да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, распачаты ў жніўні месяцы Навэннай да Найсвяцейшай Панны Марыі, і дапаможа нам яшчэ раз духоўна асэнсаваць іх з мэтаю нашага навяртання, умацавання веры і хрысціянскага сведчання.

Падчас перэгрынацыі мы будзем разважаць пра значэнне фацімскіх аб’яўленняў для нашай краіны, дзякаваць Богу за дар свабоды веравызнання, перапрашаць за ўсе недахопы і прасіць аб благаслаўленні на будучыню, бо працэс адраджэння веры нялёгкі, а небяспечныя выклікі часу яшчэ больш ускладняюць яго.

2. Пілігрымуючая фігура Маці Божай Фацімскай 4 кастрычніка была асвячана ў Фаціме на месцы аб’яўленняў Марыі, таму гэта перэгрынацыя будзе мець цесную сувязь з гэтым святым месцам, адкуль у фатальным 1917 годзе — годзе бальшавіцкай рэвалюцыі — нам была дадзена надзея на адраджэнне веры.

Першая перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай па парафіях Беларусі адбылася ў 1997-1998 гг. і была прысвечана 80-годдзю фацімскіх аб’яўленняў. На гэты раз перэгрынацыя адбудзецца ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

3. Якая ж радасць прымаць у сябе асвячаную ў Фаціме фігуру Маці Божай і тым самым нібы дакранацца да таго святога месца, дзе аб’явілася Марыя! Так і хочацца разам са св. Альжбетай усклікнуць: «Адкуль нам гэта, што Маці нашага Пана прыходзіць да нас!» (пар. Лк 1, 43)

Як дваццаць стагоддзяў таму Марыя прыйшла ў дом Альжбеты і Захарыі не адна, але з Езусам і Ягонай ласкай (пар. Лк 1, 39-55), так і цяпер Яна будзе весці нас да свайго Сына Езуса Хрыста, каб Ён адарыў нас сваёй ласкай і ўмацаваў нашу веру, надзею і любоў.

4. Перад распачаццем перэгрынацыі карысна ўзгадаць гісторыю фацімскіх аб’яўленняў.

Прыкметна, што фацімскія дзеці-візіянеры ў 1916 г. (яшчэ за год да аб’яўленняў ім Марыі), ажно тры разы сустрэлі нябеснага пасланца — анёла, які назваў сябе пасланнікам супакою. Прыкметна і тое, што ён удзяліў дзецям святую Камунію, кажучы: «Прыміце Цела і Кроў Хрыста, уражанага чалавечай няўдзячнасцю, выпраўце іх злачынствы і праслаўце Пана1.

У сувязі з гэтым узнікае лагічнае пытанне: адкуль анёл узяў святую Камунію? Ён — не святар і таму не мог цэлебраваць Эўхарыстыю. Некаторыя даследчыкі фацімскіх аб’яўленняў перакананыя, што анёл мог узяць камунію з Расіі, якая знаходзілася на парозе жорсткіх ганенняў на веру і адкуль выганялі Бога.

Як вядома, у той час працягвалася жудасная Першая сусветная вайна. Папа Бэнэдыкт XV шмат разоў заклікаў ваюючыя бакі да міру. 5 мая 1917 г. ён распарадзіўся ў літанію да Маці Божай Ларэтанскай унесці заклік: «Каралева супакою, маліся за нас». А праз 8 дзён — 13 мая 1917 г. — Марыя аб’явілася тром пастушкам. Аб’яўленні працягваліся кожны месяц 13 чысла аж да кастрычніка ўключна, за выключэннем жніўня, калі Марыя аб’явілася 19 чысла.

5. Фацімскае пасланне, якое Марыя перадала чалавецтву праз дзяцей, канцэнтруецца вакол тэмы малітвы і навяртання, што знаходзіць сваё пацвярджэнне ў Евангеллі. Першыя словы, з якімі Езус звярнуўся да сваіх слухачоў, заклікалі да навяртання і веры ў Евангелле (пар. Мк 1, 15). Марыя казала: калі будзеце маліцца, асабліва на ружанцы, і навернецеся, то ўсё будзе добра, калі не, то свет чакаюць вялікія катаклізмы. Марыя асабліва заклікала маліцца ў інтэнцыі Расіі.

Калі ў 1991 г. я ўпершыню сустрэўся з фацімскай візіянеркай сястрой Люцыяй, яна сказала, што як простая дзяўчына, якая не ведала геаграфіі, думала, што Марыя прасіла маліцца за вялікага грэшніка па імені Расія (на партугальскай мове — Руш).

Марыя ў Фаціме нагадвае пра Расію, але на самой справе фацімскае прароцтва адносіцца да ўсяго свету, у тым ліку і да Беларусі, бо, як кажа сястра Люцыя, грэх не мае нацыянальнасці і таму ўсім людзям патрэбна навяртанне.

6. Марыя аб’явіла фацімскім дзецям тры таямніцы. Дзве першыя былі абнародаваны ў 1941 г., трэцяя — у 2000 г. Гэтым самым пасля драматычнага ХХ стагоддзя была абнародавана рэальнасць, якая прымае ўдзел у стварэнні гісторыі і адначасова тлумачыць яе глыбокі сэнс у духоўнай перспектыве, неахвотна прымальнай сучасным спосабам мыслення, які падуладны моцным уплывам рацыяналізму, — падкрэсліў тады сакратар ватыканскай Кангрэгацыі Веравучэння арцыбіскуп Тарчызіо Бэртонэ2.

Першая таямніца — гэта візія пекла. Другая распавядае пра цяжкасці, што чакаюць грэшны свет, і пра шлях, якім можна іх пазбегчы. Марыя прадказала канец Першай сусветнай вайны, пачатак другой і няшчасці, якія спазнае чалавецтва, голад у многіх краінах свету, ганенні на Касцёл і цярпенні Святога Айца. Трэцяя таямніца нагадвае пра Касцёл мучанікаў, і яе можна зразумець толькі ў сімвалічным ключы. Падаючы такі трывожны сцэнарый, Марыя ў той жа час паабяцала, што Яе Беззаганнае Сэрца затрыумфуе і Святы Айцец прысвеціць яму Расію, якая навернецца, і на некаторы час настане мір3.

У першай і другой частках Фацімскага паслання дзеці-візіянеры ўбачылі жахі пекла і пачулі, як іх пазбегнуць, а менавіта праз ушанаванне Беззаганнага Сэрца Марыі, што азначае набліжэнне да такога стану чалавечага сэрца, калі па прыкладзе Марыі наша згода з Божай воляй становіцца ядром, які фарміруе нашу істоту4.

Калі ключом да пазнання першай і другой частак фацімскага паслання з’яўляюцца словы «збавіць душы», то да трэцяй — «пакаянне», да якога заклікае Марыя5. У сваім лісце св. Яну Паўлу II сястра Люцыя ў 1982 г. напісала, што трэцяя фацімская таямніца зводзіцца да слоў «калі так, і калі не»: калі навернецеся, то ўсё будзе добра, калі не, то прыйдзе бяда. Таму не трэба казаць, што Бог нас карае, але наадварот: мы самі наклікаем на сябе пакаранне. Бог шануе свабоду чалавека і цярпліва папярэджвае, як прадухіліць пагрозу6.

7. Гісторыя пацвердзіла сапраўднасць прароцтва Багародзіцы. У 1917 г. адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, якая прынесла так шмат цярпенняў людзям Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і многім іншым краінам свету. Атэісты найперш ажыццяўлялі марксісцкі лозунг «Рэлігія — опіум для народа» у савецкай Расіі, а потым — па-за яе межамі, асабліва ў Цэнтральнай Еўропе. З рэлігіяй ваявалі як з найбольш цяжкай і заразнай хваробай.

Папа Ян Павел II у еднасці з біскупамі ўсяго свету ва ўрачыстасць Звеставання Пана 25 сакавіка 1984 г. на плошчы св. Пятра ў Рыме прысвяціў свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Як хутка пасля гэтага пачаў змяняцца свет! «Перабудова» ў Савецкім Саюзе прывяла да падзення таталітарна-атэістычнай сістэмы, у выніку чаго распачаўся працэс адраджэння духоўнага жыцця.

8.  Сёння няма неабходнасці хаваць сваю веру ў глыбіні сэрца, як гэта было ў савецкія часы. Сёння яе можна вызнаваць публічна. Аднак неабходна памятаць пра тое, што навяртанне — гэта не штосьці прынесенае звонку. Навяртанне — гэта стан душы. Навяртання няма там, дзе няма ўнутранай свабоды, якая базуецца не столькі на адсутнасці ГУЛАГу, колькі на праўдзе. Нездарма Хрыстус кажа: «Пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас» (Ян 8, 32).

Таму сапраўдная хрысціянская ідэнтычнасць — няпростая справа. Быць хрысціянінам азначае прыняць праўду Евангелля і ёю жыць. Небяспека, якая пагражае нам, заключаецца ў тым, што мы, вызваліўшыся ад знешніх путаў, па сваёй волі трапляем у іншыя формы прыгнёту, якіх вельмі шмат у сучасным свеце і якія вядуць да парушэння Божага закону.

У выніку чаго чалавек трапляе ў такія залежнасці, як спажывецтва, імкненне любым коштам да багацця, злачынства, карупцыя, наркаманія, забойства ненароджанага жыцця, нязгоднае з Божай воляй сексуальнае жыццё і г.д. Чалавек, імкнучыся валадарыць над светам без Бога, раней ці пазней становіцца рабом гэтага свету. Часовая зямная слава, матэрыяльны дастатак і задавальненні не гарантуюць шчаслівага жыцця. Неабходна вярнуць свету сапраўдную шкалу каштоўнасцяў. Нездарма Хрыстус кажа: «Якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць?» (Мц 16, 26). Чалавек годны большага! Паводле Другога Ватыканскага Сабору, «вартасць чалавека вызначаецца тым, чым ён ёсць, а не тым, чым ён валодае»7.

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць, што «чалавечае сэрца абцяжаранае і разлютаванае. Неабходна, каб Бог даў чалавеку новае сэрца. Навяртанне — гэта перш за ўсё справа ласкі Бога, які вяртае нашыя сэрцы да сябе («Навярні нас да Цябе, Пане, і мы навернемся» (пар. Пл 5, 21)). Бог дае нам сілы распачаць жыццё нанова. Адкрываючы для сябе веліч Божай любові, наша сэрца скаланаецца ад жаху і цяжару граху і пачынае баяцца абразіць Бога грахом і аддаліцца ад Яго. Сэрца чалавечае навяртаецца, пазіраючы на таго, хто быў прабіты нашым грахом»8.

Фацімскае пасланне складаецца з закліку да навяртання, малітвы, асабліва ружанцовай, а таксама да выпраўлення крыўды за свае грахі і грахі чалавецтва. Яно вынікае з Евангелля, бо на пачатку сваёй дзейнасці Езус заклікаў да навяртання і веры ў Евангелле (пар. Мк 1, 15). Мэта навяртання — духоўная перамена чалавека, перамога над грахом і ўмацаванне дабра, а таксама крочанне па шляху святасці. Таму фацімскае пасланне заўсёды актуальнае і скіравана ў тым ліку да людзей нашага часу, які пазначаны цярпеннямі, зневажаннем правоў чалавека і барацьбой з рэлігіяй. Яно таксама прасякнута любоўю Марыі да чалавецтва, як кажа св. Ян Павел II9.

Такім чынам, навяртанне з’яўляецца ўмоваю вяртання да Бога і ўстаноўленай Ім гармоніі ў свеце. У гэтым працэсе асаблівая роля належыць Марыі як прытулку грэшнікаў. Нам жа неабходна звяртацца да прапанаваных Ёю сродкаў: Яе ўшанавання, культу Беззаганнага Сэрца Марыі, малітвы і пакаяння.

9. Ажыццяўленню закліку Марыі будзе служыць і перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай. Перэгрынацыя — гэта падзея не толькі знешняя, але і ўнутраная, духоўная, якая павінна весці нас да сапраўднага навяртання.

У сувязі з гэтым заклікаю ўсіх вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прымаць актыўны ўдзел у запланаваных з нагоды перэгрынацыі набажэнствах і належным чынам да іх падрыхтавацца. Для гэтага загадваю ва ўсіх парафіях у адпаведны час правесці рэкалекцыі або дні малітвы ці чування і заахвочваю ўрэгуляваць уласнае жыццё ў адпаведнасці з Божым і касцёльным правам, асабліва адносна сакрамэнту сужэнства, а таксама здзяйсняць учынкі міласэрнасці.

Перэгрынацыя распачнецца ўрачыстым прыбыццём фігуры Маці Божай Фацімскай у мінскую архікатэдру Імя Найсвяцейшай Панны Марыі 13 кастрычніка 2016 г. Праз тры дні, 16 кастрычніка, фацімская фігура распачне пілігрымаванне па парафіях і манаскіх супольнасцях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі паводле падрыхтаванай праграмы і завершыцца 15 кастрычніка 2017 г. у мінскай архікатэдры.

10. Сімвалічна, што перэгрынацыя распачынаецца ў Юбілейным Годзе Божай Міласэрнасці і годзе сярэбранага юбілею адраджэння структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Фацімскае пасланне і яго ажыццяўленне — гэта не што іншае, як знак бязмежнай Божай міласэрнасці. Святы Айцец Францішак у буле «Misericiоrdiae Vultus» («Аблічча міласэрнасці»), якой абвясціў гэты Год як час ласкі, заклікае да таго, каб пілігрымка стала штуршком да навяртання і каб усіх нас ахінула Божая міласэрнасць10. Падчас перэгрынацыі фацімскай фігуры заахвочваю ўсіх пілігрымаваць да Марыі — Маці Міласэрнасці, прысвяціць сябе Беззаганнаму Сэрцу Марыі і прасіць, каб Яна прывяла нас да міласэрнага Езуса.

Марыя, Маці Божая Фацімская! Сёння разам з Табой спяваем Твой гімн «Magnificat», бо сапраўды вялікія справы Бог чыніць на нашых вачах.

Дзякуем Табе за надзею, дадзеную нашаму народу сто гадоў таму!

Дзякуем за духоўную дапамогу падчас доўгіх дзесяцігоддзяў ганенняў на Касцёл!

Перапрашаем за ўсялякае зло, якое мы і наш народ учынілі.

Перад небяспечнымі выклікамі часу просім благаслаўлення на будучыню, каб будаваць яе на фундаменце Евангелля.

Марыя, у сваёй фацімскай фігуры ўвайдзі ў нашы касцёлы і капліцы, як Каўчэг запавету паміж Богам і людзьмі11, увайдзі ў нашы сэрцы і перамяні іх, умацуй нашу веру, надзею і любоў.

Давяраючы ўсіх удзельнікаў перэгрынацыі апецы Маці Божай Фацімскай, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 4 кастрычніка 2016 г.
Успамін св. Францішка Асізскага


1. Борелли, Антонио А. Фатимская весть: трагедия или надежда. — Кайшядорис, 1995. — С. 23.
2. Tarcisio Bertone. Il Messaggio di Fatima. — Tipografia Vaticana, 2000. — P. 3.
3. Борелли, Антонио А. Фатимская весть: трагедия или надежда. — Кайшядорис, 1995. — С. 30, 34-35.
4. Пар. Tarcisio Bertone. Il Messaggio di Fatima. — Tipografia Vaticana, 2000. — P. 39.
5. Пар. ibidem, p. 40.
6. Пар. ibidem, p. 8-9.
7. Дакументы Другога Ватыканскага Сабору. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes», 35.
8. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1432.
9. Пар. Ян Павел II. Гамілія падчас асвячэння парафіяльнага касцёла Беззаганнага Сэрца Марыі. Закапанэ, 7 чэрв. 1997 г.
10. Пар. Францішак. Була «Misericordiae Vultus», 14.
11. Пар. тамсама, 24.

Выкарыстаная літаратура:

1. II Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце «Gаudium et spes».
2. Катехизис Католической Церкви. Москва «Истина и жизнь» 1998.
3. Францішак. Була «Misericordiae Vultus».
4. Ян Павел II. Гамілія падчас асвячэння парафіяльнага касцёла Беззаганнага Сэрца Марыі. Закапанэ, 7 чэрв. 1997 г.
5. Антонио А. Борелли. Фатимская весть: Трагедия или Надежда, Кайшядорис 1995.
6. Tarcisio Bertone. Il Messaggio di Fatima, Tipografia Vaticana 2000.
7. Ян Павел II. Гамілія падчас асвячэння парафіяльнага касцёла Беззаганнага Сэрца Марыі. Закапанэ, 7 чэрв. 1997 г.: http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/pl/homilies/1997/documents/hf_jp-ii_hom_19970607_fatima.html.

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае пасланне вернікам 9 кастрычніка 2016 г.

Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі

О Найсвяцейшая Тройца — Бог Айцец, які выбраў Марыю быць самаю годнаю сярод сваіх дачок; Бог Сын, які даў Ёй ласку быць Тваёю Маці; Бог Дух Святы, які ўчыніў Яе сваёю Абранніцай! Bерым Табе, ушаноўваем Цябе, спадзяемся на Цябе і любім Цябе. Сёння аддаём сябе мацярынскай любові Беззаганнага Сэрца Божай Маці, якая па Тваёй волі ў Фаціме прадказала наша навяртанне.

Марыя, мы прысвячаем і даручаем сябе, нашыя сем’і i Айчыну Твайму Беззаганнаму Сэрцу. Будзь для нас Маці, Апякункаю і прыкладам жыцця. Дапамажы нам верна служыць Табе, Твайму Сыну і Яго Касцёлу ў гэты гістарычны і лёсавызначальны час, поўны многіх небяспечных выклікаў. Ты разумееш цяжкасці і надзеі нашага жыцця, асабліва ў барацьбе паміж дабром і злом. Пачуй нашу просьбу аб дапамозе і ў абдымках сваёй мацярынскай любові ўкрый нас, занепакоеных сваім зямным і вечным лёсам.

Маці Божая, узнясі да трону міласцівага і ўсемагутнага Бога нашу падзяку за шчодрыя ласкі, якімі Ён нас адорвае. Прадстаў наша пакаянне за грахі народа, ахвяру і цярпенні. Выпрасі благаслаўленне на далейшае жыццё, на дасягненне міру, згоды і ўзаемаразумення.

Беззаганнаe Сэрцa Марыі! Няхай праз Тваё заступніцтва Бог літасціва гляне на свой Касцёл, дорачы яму поўную свабоду і ласку шматлікіх і святых пакліканняў да святарства і манаства; няхай успамагае намаганні ў справе еднасці хрысціянаў у імя наказу Хрыста: «Каб усе былі адно»; няхай адорыць мудрасцю дзяржаўную ўладу ў яе клопатах пра дабрабыт народа, яго духоўнае развіццё і захаванне справядлівасці; няхай апякуецца нашымі сем’ямі, каб яны былі моцныя Богам і неразрыўныя; няхай адорыць дзяцей і моладзь духоўным, інтэлектуальным і фізічным развіццём і ахоўвае іх ад грахоўнай спакусы; няхай заблукалым пакажа шлях навяртання, няверуючых прывядзе да пазнання праўды, грэшнікаў — да пакаяння; няхай змілуецца над хворымі і беднымі, над тымі, хто пакутуе і прыгнечаны цяжарам, — над усімі, хто знаходзіцца ў патрэбе.

О Найсвяцейшая Багародзіца, Апякунка Беларусі, Тваёй абароне аддаёмся. Прымі нашае прысвячэнне Твайму Беззаганнаму Сэрцу. Будзь з намі на шляхах веры, надзеі і любові. Няхай праз Тваё заступніцтва адбудзецца навяртанне сэрцаў і пераможа дабро. Маліся за нас, каб мы, выконваючы волю Усемагутнага, заўсёды бралі прыклад з Твайго служэння Яму і бліжняму. Просім праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі


P.S. Няхай глыбокапаважаныя святары прачытаюць гэты Акт прысвячэння разам з вернікамі падчас наведвання парафій фігурай Маці Божай Фацімскай.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію