Паважаныя душпастыры, дарагія дыяцэзіяне! Набліжаецца сотая гадавіна аб’яўленняў Маці Божай траім дзецям у Фаціме. Гэтая дата з'яўляецца нагодай, каб нанова ўслухацца ў пасланне, якое Бог праз Найсвяцейшую Панну Марыю накіроўвае да нас, нагадваючы пра неабходнасць малітвы і пакаяння, перамены жыцця і перапрашэння за грахі. Асаблівым паведамленнем Фацімскіх аб'яўленняў з'яўляецца развіццё набажэнства да Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны. 13 ліпеня 1917 года Божая Маці сказала дзецям: «Бог хоча распаўсюдзіць у свеце набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца».
3 тых аб'яўленняў развіліся дзве спецыяльныя малітвы. Першая з іх — гэта так званыя «фацімскія набажэнствы», якія адпраўляюцца з мая па кастрычнік, як правіла, у трынаццаты дзень кожнага месяца. Дзякую ўсім душпастырам, якія праводзяць гэтыя набажэнствы, і вернікам, якія ўдзельнічаюць у іх. Другі від адмысловага малення паўстаў у выніку выразнай просьбы Найсвяцейшай Дзевы.
Гэта малітва ў першыя суботы месяца. Яна выражаецца ў аддаванні пашаны Беззаганнаму Сэрцу Марыі і перапрашэнні за знявагі, якія Яна дазнае ад людзей.
Малітва да Маці Божай Фацімскай дарагая нам таксама таму, што св. Ян Павел II Яе заступніцтву тлумачыў уратаванне свайго жыцця 13 мая 1981 года, калі куля забойцы трапіла ў ягонае цела. Але раненне аказалася не смяротным. Вельмі радасна, што малітоўныя супольнасці прымаюць меры, якія скіраваныя на ажыўленне набажэнства першых субот. Гэта выражаецца ў падрыхтоўцы дапаможнікаў дла медытацый на кожны месяц і праз актыўны ўдзел у перажыванні набажэнстваў у парафіях. Нам вельмі патрэбна сёння малітва да Беззаганнага Сэрца Марыі. Калі чалавечыя сэрцы параненыя і часта вязнуць у граху, мы павінны з большай руплівасцю звяртацца да Беззаганнага Сэрца Маці Хрыста і Маці Касцёла, Сэрца вольнага ад граху, заўсёды вернага і чыстага. Няхай гэта набажэнства развіваецца ў нашых парафіях і сем'ях, а таксама ў індывідуальных сустрэчах з Найсвяцейшай Паннай.
Паважаныя душпастыры абвесцяць гэты ліст вернікам падчас кожнай св. Імшы ў нядзелю 27 лістапада 2016 г. і вывесяць яго на прыкасцёльнай дошцы аб'яваў да лістапада 2017 г.
Яднаючыся з тымі, хто збіраецца на малітвы ў першыя суботы месяца, на падрыхтоўку да 100-годдзя фацімскіх аб'яўленняў удзяляю ўсім вернікам дыяцэзіі пастырскае благаслаўленне.
Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка
|