Зварот біскупа Пінскага Антонія Дзям'янкі з нагоды закрыцця Брамаў Міласэрнасці ў стацыйных касцёлах Пінскай дыяцэзіі |
Іерархі
|
09.11.2016 11:31 |
Дарагія Дыяцэзіяне, 20 лістапада бягучага года Каталіцкі Касцёл завершыць святкаванне Надзвычайнага Юбілейнага Года Міласэрнасці. Распачынаючы святкаванне ў снежні 2015 года, па волі святога Айца Францішка мы ўрачыста адчынілі Брамы Міласэрнасці ў сямі стацыйных касцёлах ва ўсіх рэгіёнах нашай Пінскай дыяцэзіі.
Знакам завяршэння Надзвычайнага Юбілею стане ўрачыстае закрыццё Брамаў Міласэрнасці ў вызначаных касцёлах свету ўжо праз некалькі дзён — 13 лістапада гэтага года. Таксама і ў нашай Пінскай дыяцэзіі адбудуцца адмысловыя набажэнствы ў кожным стацыйным касцёле, падчас якіх зачыняцца Юбілейныя Брамы Міласэрнасці.
Запрашаю ўсіх вернікаў прыняць актыўны ўдзел у набажэнствах у стацыйных касцёлах з нагоды закрыцця Юбілейных Брамаў.
Урачыстыя набажэнствы і закрыццё Брамаў Міласэрнасці будуць праходзіць 13 лістапада бягучага года ў стацыйных касцёлах Пінскай дыяцэзіі ў наступным парадку: - у катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску ў 8.30 (закрыццё Брамаў Міласэрнасці здзейсніць Яго Эксцэленцыя Антоні Дзям'янка, Біскуп Пінскі);
- у касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі ў 9.00 (закрыццё Брамаў Міласэрнасці здзейсніць Яго Эксцэленцыя Казімір Велікаселец ОР), дапаможны біскуп і генеральны вікарый, адказны за каардынацыю душпастырства ў Гомельскім рэгіёне Пінскай дыяцэзіі;
- у санктуарыі святога Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі, у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Іванаве ў 10.00 (закрыццё Брамаў Міласэрнасці здзейсніць Яго Магніфіцэнцыя ксёндз Андрэй Рылка, канцлер курыі і рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску);
- у санктуарыі Маці Божай, апякункі Пінскай дыяцэзіі, у Лагішыне, у касцёле свв. Пятра і Паўла, Апосталаў, у 10.00 (закрыццё Брамаў Міласэрнасці здзейсніць Яго Эксцэленцыя Антоні Дзям'янка, Біскуп Пінскі);
- у касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Бярозе ў 9.00 (закрыццё Брамаў Міласэрнасці здзейсніць ксёндз Адам Дынак, віцэ-рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску);
- у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах ў 12.00 (закрыццё Брамаў Міласэрнасці здзейсніць Яго Эксцэленцыя Антоні Дзям'янка, Біскуп Пінскі);
- у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце ў 18.00 (закрыццё Брамаў Міласэрнасці здзейсніць Яго Эксцэленцыя Антоні Дзям'янка, Біскуп Пінскі).
Заахвочваю ўсіх вернікаў выкарыстаць магчымасць у гэтыя апошнія дні Надзвычайнага Юбілейнага Года наведаць стацыйны касцёл, прайсці праз Браму Міласэрнасці, атрымаць дар адпусту і падзякаваць Пану Богу за ўсе Яго ласкі.
3 пастырскім благаслаўленнем, Антоні Дзям'янка
Паважаных душпастыраў прашу абвясціць гэты зварот у нядзелю 6 лістатада 2016 г. падчас кожнай св. Імшы і вывесіць на прыкасцёльных дошках аб'яваў да 14 лістапада.
|