Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскае пасланне Мітрапаліта Кандрусевіча на Вялікдзень 2017
Іерархі
15.04.2017 00:00

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі, жыхары Беларусі!

1. Сардэчна вітаю і віншую ўсіх вас гэтым пасхальным воклічам з радасным і збаўчым святам Уваскрасення Хрыста, калі нашы сэрцы і думкі зачараваны перамогай Езуса над грахом, смерцю і злым духам.

Евангелле распавядае, як на трэці дзень пасля смерці Езуса жанчыны міраносіцы накіраваліся да Яго магілы, каб паводле габрэйскага звычаю намасціць Яго цела пахучымі алеямі. Гэта здарылася раніцай, калі навокал было цёмна. Але было цёмна таксама і ў іх душах: Езус, які абяцаў вечнае жыццё, сам знаходзіўся ў цёмнай і заваленай вялікім каменем магіле.

Якое ж здзіўленне агарнула іх, калі ўбачылі камень адваленым ад магілы, а ўнутры яе замест цела Езуса, — анёла, які ім сказаў: «Не бойцеся! …Шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Яго тут няма, Ён уваскрос, як сказаў… Ідзіце хутчэй, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос і апярэджвае вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце» (Пар. Мц 28, 5-7).   

Гэтыя словы, якія прагучалі больш за 2000 гадоў таму ў Ерузалеме, гучаць сёння ў свеце Заходняга і Усходняга хрысціянства, бо сёлета мы ўсе разам адзначаем Вялікдзень. Яны адрасаваны кожнаму чалавеку і імі Езус кліча нас стаць пры Яго пустой магіле, каб пераканацца, што Ён сапраўды ўваскрос і заклікае сустрэць Яго ў нашай беларускай Галілеі.

2. Нягледзячы на факт пустой магілы і словы анёла, паводзіны жанчын міраносіц і апосталаў непасрэдна пасля ўваскрасення Хрыста з’яўляюцца парадаксальнымі. Яны пазналі вучэнне Езуса, былі сведкамі Ягоных цудаў, ведалі абяцанне ўваскрэснуць на трэці дзень, аднак не маглі ў гэта паверыць.

Натуральная праўда аб тым, што памерлы застаецца памерлым назаўсёды, дамінавала ў іх сэрцах. У выніку іх богам быў страх, а не ўваскрослы Хрыстус.

3. Чаму нашы сэрцы марудныя і не хуткія да веры? Чаму яны не спяшаюцца даверыцца Езусу і ў Ім мець сваю надзею? Нават пасля цуду ўваскрасення Хрыста, а таксама прадказанага Марыяй 100 гадоў таму ў Фаціме падзення атэістычнага рэжыму ў краінах былога Савецкага Саюза, хто з’яўляецца нашым Богам? У каго мы верым?

Хто наш Бог? Мы задаём сабе гэтае пытанне і шукаем адказ. Поспех? Кар’ера? Матэрыяльныя каштоўнасці? Алкаголь? Наркотыкі? Лідарства? Задавальненні? Да гэтага імкнецца сучасны чалавек і гэта становіцца яго богам. Аднак нічога з гэтага не задаволіць наша сэрца, бо зямное мінае, а вечнае застаецца. Таму, як кажа св. апостал Павел, неабходна шукаць тое, што ў вышынях, а не на зямлі (гл. Клс 3, 1-2).

Адзіны, хто можа гэта ўчыніць, — гэта ўваскрослы Езус. Толькі Ён можа прабачыць нам грахі і адарыць радасцю вечнага жыцця. Толькі Ён з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём (гл. Ян 14, 6). Толькі Ён з’яўляецца бязмежнай міласэрнасцю, любоўю і прабачэннем. Толькі Ён заўсёды жадае нам дабра.

4. Гэта тая навіна, якую сёння абвяшчае хрысціянства ў свеце, які загубіўся і нават перавярнуўся з ног на галаву. У ім мы пакліканы быць сведкамі ўваскрослага Хрыста. Ён кліча нас быць Яго сябрамі, любіць Яго і прабываць у Ягонай любові, і мы пакліканы паставіць Яго на першым месцы.

Ці мы можам пахваліцца гэтым? Ці сапраўды ведаем Хрыста, любім Яго і наследуем Яго? Ці Ён займае першае месца ў нашым жыцці?
    
Сёння мы святкуем радасную навіну перамогі Езуса над смерцю і грахом. Калі праз сакрамэнтальнае жыццё мы з’яўляемся ўдзельнікамі гэтай перамогі, то ведаем, хто ёсць наш Бог. Гэта не фальшывыя богі сучаснага свету — поспех, кар’ера, грошы, наркотыкі, алкаголь і г.д., але сапраўдны Бог, якім з’яўляецца уваскрослы Езус Хрыстус.

Ён учыніў нас свабоднымі і кажа, што толькі праўда нас вызваліць (гл. Ян 8, 32). Ён сам з’яўляецца гэтай праўдай, і толькі Ён можа нас вызваліць ад ідалаў, фальшывых бажкоў і адарыць сваім супакоем і радасцю.

5. Святкуючы Пасху, мы павінны задумацца над тым, што прапануе свет і Хрыстус.

Сучасны свет не звяртае ўвагі на духоўныя справы, але засяроджаны на тым, што бачна і што можна дасведчыць. Гэта яго бог. У выніку портам свайго прызначэння ён выбірае небыццё, мы ж створаны да жыцця. Калі выключаем са свайго жыцця веру ў Бога, то наша надзея ператвараецца ў ілюзію. Мы становімся падобнымі да капітана карабля, які ведае, як ім кіраваць, але не ведае, куды плыве, бо ў яго няма евангельскай карты ці моднага сёння GPS.

Таму свет знаходзіцца ў нябачным дагэтуль маральным крызісе. Падаецца, што злы дух і зло перамагаюць. Пагаршаецца сацыяльна-палітычная сітуацыя, нарастае пагроза тэрарызму і гвалту, павялічваецца колькасць забойстваў жыцця ва ўлонні маці, сям’я перажывае вялікі крызіс, міграцыя становіцца сапраўдным бічом, распаўсюджваюцца фальшывыя вучэнні і ідэалогіі, павялічваецца ўплыў матэрыялізму і эгаізму, пануе абыякавасць да чужых праблем, людзі забываюць, што ўсе яны створаны роўнымі і Творца надзяліў іх тымі ж самымі неад’емнымі правамі і г.д.. Таксама распаўсюджваецца культура часовасці, якая вядзе да вядомага яшчэ з рымскіх часоў прынцыпу: Carpediem — «Выкарыстоўвай час, бо жывём толькі раз».

Усё гэта не што іншае, як аслабленне духоўнага імунітэту сучаснага свету. Яно вядзе да адмовы ад фундаментальных маральных прынцыпаў, на якіх мы павінны будаваць наша жыццё. У выніку чаго нараджаецца новая канцэпцыя свабоды — свабоды ад Бога і Яго закону, а значыць свабоды рабіць усё, што хочацца.

Сацыёлагі кажуць, што чалавецтва ад эпохі постмадэрнізму перайшло ў эпоху постпраўды, калі ілжывасць больш папулярная чым праўда. Усё гэта вядзе ў тупік і не дапамагае ў вырашэнні новых праблем. У той жа час радаснае пасланне Вялікадня, якое з’яўляецца нязменнай Божай праўдай, гучыць ясна: «Езус наш Збаўца! Ён наш Бог і праўда!»

Такім чынам мы знаходзімся перад выбарам: «Бог або нічога».
У сакрамэнце хросту мы разам з Хрыстом памерлі для граху і ўваскрэслі для жыцця ў Божай ласцы (гл. Рым 6, 3-8). Таму ў супярэчлівасці сучаснага свету не будзем баяцца выбраць Яго. Ён не адкіне нас і прыме з міласэрнай любоўю, бо жадае вызваліць з грахоўнага палону і ўплыву фальшывых багоў сучаснага свету. Усё гэта азначае, што праўда Уваскрасення кліча нас выйсці з магілы маральнага заняпаду да жыцця ў Божай ласцы і выбару нязменнай праўды Евангелля.

6. Падобна таму, як праўда Велікоднай раніцы ўрэшце рэшт перамяніла жанчын міраносіц і апосталаў, яна таксама перамяняе і нас, каб мы — у духоўных поцемках сучаснага свету — ведалі, што Хрыстус з’яўляецца нашым Богам, і да Яго імкнуліся. У гэтым заключаецца наша велікодная радасць, якой мы павінны дзяліцца з іншымі, каб яна перамяняла і іх.

Адзін мудры чалавек падзяліўся сваім жыццёвым досведам. Калі ён быў малады, то імкнуўся змяніць увесь свет. Потым зразумеў, што гэта не ў яго сілах. Калі стаў старэйшым, стараўся змяніць людзей вакол сябе. І зноў яму гэта не ўдалося. Калі зусім пастарэў, вырашыў старацца змяніць самога сябе.

Мы самі не можам змяніць свет. Мы не маем сілы змяніць сэрцы і думкі мільёнаў людзей. Але з Божай дапамогай можам змяніць саміх сябе. А змяняючы сябе, мы будзем змяняць свет. Езус Хрыстус з’яўляецца гарантыяй нашай перамогі, бо мы ўсё можам у Хрысце, які нас умацоўвае (гл. Флп 4, 13), вучыць св. апостал Павел.

7. 100 гадоў таму, калі атэістычны рэжым пагражаў нашай краіне, Марыя ў Фаціме папярэдзіла аб катастрафічных наступствах, якія ён нясе нам і ўсяму свету. Яна таксама прапанавала нам лек ад гэтай хваробы, якім з’яўляецца малітва і навяртанне. Нагадваючы аб праблемах і цяжкасцях, якія нас чакалі па прычыне адыходу ад Бога, Марыя таксама дала надзею на нашае духоўнае ўваскрашэнне. Сёння яно ажыццяўляецца. Таму ў свята Вялікадня мы таксама з удзячнасцю Маці Божай Фацімскай святкуем наша ўваскрашэнне з магілы ваюючага атэізму, у якой знаходзіліся тры пакаленні.

Прыказка кажа: замест таго, каб праклінаць цемру, трэба запаліць свечку. Таму замест таго, каб толькі наракаць на зло, якое апанавала свет, неабходна самім перамяніцца, уваскрэснуць са сваіх грахоў, каб стаць маякамі святла і надзеі ў сучасным свеце.
Мы часта, а часам нават неабгрунтавана, выкарыстоўваем слова «надзея». Напрыклад, кажам: «Спадзяёмся, што заўтра будзе добрае надвор’е або што ў гэтым годзе інфляцыя будзе малой». Далёка не заўсёды такія спадзяванні ажыццяўляюцца. У той жа час наша надзея абгрунтавана чымсьці іншым —праўдай уваскрасення Хрыста, якая з’яўляецца падмуркам нашай веры (гл. 1 Кар 15, 14).

8. Дарагія браты і сёстры!
Віншую вас са святам Пасхі Хрыстовай! Віншую ўсіх хрысціян — католікаў, праваслаўных і пратэстантаў, бо сёлетняя Пасха з’яўляецца сумесным святкаваннем перамогі Хрыста! Віншую людзей добрай волі!

Няхай велікодная праўда дапамагае нам адказваць на выклікі сучаснасці. Няхай умацоўвае, каб мы жылі згодна з абяцаннямі хросту і з духам Евангелля. Няхай яе перамяняючая радасць, благаслаўленне і навізна дасягне нашых дамоў, сем’яў, месцаў працы і вучобы, і ўсёй нашай Бацькаўшчыны! А ўваскрослы Езус сваёй ласкай няхай дапамагае нам зведваць штодзённае ўваскрашэнне да новага жыцця і толькі Яго прызнаваць сваім Богам.

Свае пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, + і Сына і Духа Святога.
Хрыстус Уваскрос!
Сапраўды Уваскрос! Аллелюя! Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 9 красавіка
P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам 16 красавіка 2017 г. на Вялікдзень.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію