Вернікі Мядзела чакаюць аднаўлення Кальварыі |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
13.10.2009 11:39 |
Кальварыя, якая знаходзіцца на ўскраіне Мядзела (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) абапал аўтатрасы Мядзел–Паставы, чакае свайго аднаўлення. Сабраны амаль усе патрэбныя дакументы для таго, каб распачаць адбудову святыні. Кальварыя ўнікальная тым, што такога тыпу пабудоў на тэрыторыі сучаснай Беларусі няма. Да сённяшняга дня на мядзельскай Кальварыі захаваліся дзве капліцы, якія пацвярджаюць гістарычную каштоўнасць гэтага месца. Апошняя стацыя мядзельскай Кальварыі — гара Галгофа. Тут знаходзіцца пакалечаная вайной капліца, пабудаваная ў 1772 г., і тры крыжы. У ліпені бягучага года перад візітам у мядзельскую парафію Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча капліцу разбурылі невядомыя. Раніцай пасля здарэння мясцоваму пробашчу патэлефанаваў прадстаўнік райвыканкама і паведаміў, што капліцу садзьмула ветрам.Мядзельская Кальварыя была задумана i пабудавана паводле плану Крыжовага шляху ў Зэбжыдове (Польшча). У 1933–1938 гг., дзякуючы намаганням а. Ігнацыя Быліцы, каля Мядзела было пабудавана 15 капліц з цэглы і камення, пакрытых бляхай. Кальварыя пачала карыстацца вялікай папулярнасцю і прыцягваць натоўпы пілігрымаў. У летні час мядзельская святыня напаўнялася пілігрымамі, якія карысталіся духоўнай паслугай мясцовых айцоў. Далейшую працу па рамонце Кальварыі спыніла ІІ Сусветная вайна. 2 лістапада 1942 г. Кальварыя, што налічвала ў той час каля 40 капліц, была амаль цалкам разабрана і знішчана. Руслан Шошын |