Мядзель: вечныя манаскія шлюбы і дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці кармэлітаў босых |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
27.09.2010 13:47 |
25 верасня 2010 г. у касцёле Маці Божай Шкаплернай у г. Мядзел (Будслаўскі дэканат) падчас Эўхарыстыі брат Пётр Фарына OCD, кармэліт босы, прынёс Богу ў Тройцы Адзінаму свае вечныя манаскія шлюбы. Брат Фарына праходзіць навучанне ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Святую Імшу ўзначаліў правінцыял Варшаўскай правінцыі кармэлітаў босых а. Раман Хэрнога OCD. 26 верасня ў тым жа касцёле брат Пётр Фарына з рук дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонія Дзям’янкі прыняў дыяканскае пасвячэнне. У гаміліі біскуп патлумачыў сабраным значэнне літургічных абрадаў, а таксама тое, што праз пасвячэнне выбраны далучаецца да духоўнага стану і прымае дыяканат. «У абавязкі дыякана ўваходзяць: дапамога біскупу і святарам, удзяленне хросту, абвяшчэнне Божага слова, наведванне хворых з Віятыкам, здзяйсненне абраду пахавання, — працягваў біскуп Дзям’янка. — Прыняцце дыяканату звязана з абавязкамі Брэвіярыя і захаваннем цэлібату. За дзень да дыяканскага пасвячэння брат Пётр склаў вечныя шлюбы чысціні, убоства і паслухмянасці ў прысутнасці кіраўніцтва Закону Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль. Шлях брата Пятра да прыняцця духоўнага стану быў доўгі. Пасля заканчэння школы ён працаваў. У часы Савецкага Саюзу прайшоў абавязковую службу ў Савецкай Арміі. Потым вучыўся, працаваў. І вось, выконваючы пэўныя працы пры касцёле, канчаткова прыняў заклік Божы да служэння ў духоўным стане. Прайшоў прадпісаную фармацыю ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску». На дыяканскім пасвячэнні брата Пятра прысутнічалі яго бацькі, якія ў наступным годзе будуць адзначаць залаты юбілей сужэнства, а таксама родныя і аднакласнікі. Парафіяльны касцёл брата Пятра быў знішчаны ў часы ваяўнічага атэізму. Аднак, па словах яго бацькоў, на працягу многіх гадоў, калі ў касцёле не цэлебраваліся набажэнствы, вернікі маліліся перад яго руінамі. Так яны захавалі сваю веру і перадалі яе дзецям і ўнукам. Адметнасцю гэтых урачыстасцяў стала тое, што брат Пётр Фарына сам паходзіць з мядзельскай парафіі (в. Слабада Мядзельскага раёна), а таксама тое, што такія ўрачыстасці ўпершыню адбыліся ў мясцовым касцёле. Гэта стала вельмі цудоўным духоўным вопытам для лакальнай парафіяльнай супольнасці. Ва ўрачыстасцях таксама прынялі ўдзел віцэ-рэктар пінскай духоўнай семінарыі кс. Уладзімір Русак, дэкан Будслаўскі кс. Багуслаў Маджэеўскі, кармэліты босыя з Польшчы і Беларусі, законніцы са Свіры і Гудагая, клерыкі з семінарыі ў Пінску, а таксама шматлікія мядзельскія вернікі і госці з суседніх парафіяльных супольнасцяў. Ад шчырага сэрца жадаем брату Пятру Фарыне няспыннага ўзрастання ў дары паклікання праз вернасць харызме Кармэлю і супрацоўніцтва з Божай ласкай у служэнні Богу і Касцёлу. А. Юрый Кулай OCD |
Фотарэпартаж |