Мінск: завяршэнне сімпозіума «Ксёндз Ян Боска — учора, сёння і заўтра» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
21.11.2009 21:47 |
У Мінску завяршыўся сімпозіум «Ксёндз Ян Боска — учора, сёння і заўтра», які адбываўся пры парафіі Святога Яна Хрысціцеля 20–21 лістапада 2009 г. У другі і заключны дзень сімпозіума прагучалі два даклады і адбылася праца ў групах. Даклад «Салезіянскія сусветныя місіі пад кіраўніцтвам кс. Мікеле Руа. Дзейнасць ва Усходняй Еўропе» агучыў кс. прафесар Норберт Вольф SDB, прарэктар Салезіянскага тэалагічнага універсітэта, дырэктар Сусветнай салезіянскай гістарычнай асацыяцыі (Бэнэдыктбойерн, Германія). Дакладчык прадставіў сітуацыю салезіянскіх місій падчас экспансій, распавёў пра палітычныя змены ў Еўропе ХХ ст. і іх уплыў на развіццё салезіянскай дзейнасці на гэтым кантыненце. Апошні даклад на тэму «Гісторыя заснавання салезіянскага таварыства і яго харызма. Салезіянская сям’я сёння» падрыхтаваў кс. Зэнан Клавікоўскі SDB, рэктар Вышэйшай салезіянскай духоўнай семінарыі ў Лёндзе (Польшча). Прадстаўляючы гісторыю заснавання таварыства, выступоўца звярнуў увагу на грамадска-палітычныя рэаліі часу жыцця і дзейнасці св. Яна Боска: шматлікія хваляванні ў грамадстве, памяншэнне колькасці законнікаў, а затым — узнікненне шматлікіх новых законных інстытутаў. Як адзначыў кс. Клавікоўскі, вялікі ўплыў на будучую справу кс. Боска аказалі менавіта яго сучаснікі — заснавальнікі новых таварыстваў і кангрэгацый. Дон Боска імкнуўся бліжэй пазнаёміцца з іх духоўнасцю. Варта адзначыць, што харызмаю многіх з гэтых таварыстваў з’яўлялася праца з беднымі і хворымі. Напрацягу многіх гадоў св. Ян Боска шукаў шляхі працы з моладдзю. Падрыхтоўчы этап заснавання кангрэгацыі распачаўся ў 1844 г. і толькі ў 1859 г. Дон Боска абвясціў аб сваім жаданні, стварыць таварыства апекуном якога абраў святога Францішка Сальскага. У падвядзенні вынікаў сімпозіума прымалі ўдзел усе ўдзельнікі мерапрыемства. Гэта адбывалася падчас дыскусій у працоўных групах. Першая група разважала на тэму місіі салезіянаў у грамадска-палітычных рэаліях Беларусі. Місіяй паслядоўнікаў Дона Боска, як было адзначана, з’яўляецца праца з дзецьмі і моладдзю, якія церпяць нястачу, а таксама іх евангелізацыя. Гэта нястача не толькі матэрыяльная, але і духоўная, маральная, інтэлектуальная, гэта таксама недахоп любові. Менавіта з такімі патрабуючымі людзьмі і працуюць салезіяне. Акрэсліўшы кірунак працы, група разважала над тым, як сёння неабходна рэалізоўваць апостальства ў духу св. Яна Боска. Найперш, як было адзначана, сучаснаму чалавеку неабходна сведчанне, прысутнасць чалавека, які неабыякавы да праблем іншага і гатовы прыйсці на дапамогу. Другая працоўная група разважала на тэму духоўнасці салезіянскай супольнасці, а таксама аб супрацоўніцтве салезіянаў з моладзевымі каталіцкімі супольнасцямі, дзяржаўнымі і недзяржаўнымі моладзевымі арганізацыямі ў справе збаўлення моладзі. Салезіянскае таварыства ў жыцці лакальнага Касцёла — так гучала тэма трэцяй працоўнай групы. Як вядома, св. Ян Боска душпастырскую дзейнасць з моладдзю вёў не толькі падчас святых Імшаў або катэхезы, яна працягвалася і на спартыўнай пляцоўцы. Араторый — месца сустрэчы не толькі маладых, але таксама месца сустрэчы з аўтарытэтам, якім з’яўляецца святар. «Моладзь павінна адчуваць, што яе любяць. Аднак гэта любоў паходзіць не ад нас, але ад Бога, — адзначыў кс. Норберт Вольф на заканчэнне сімпозіума. — Важна імкнуцца спалучаць нашае служэнне маладым з Божай любоўю». |
Фотарэпартаж |